Logo Polskiego Radia
Print

Прэзыдэнт А. Дуда атрымаў запрашэньне наведаць Белы дом

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.05.2019 15:04
  • Дуда Белы дом.mp3
Размова пойдзе хутчэй за ўсё пра эканамічнае супрацоўніцтва дзьвюх краін ды вайсковую супрацу.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Прэзыдэнт Анджэй Дуда атрымаў запрашэньне наведаць Белы дом. Кіраўнік Польшчы разам з жонкай можа быць прыняты прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі ў чэрвені гэтага году.

Гэта будзе ўжо другі візыт прэзыдэнцкай пары Польшчы ў Белы дом. Першы адбыўся 18 верасьня мінулага году. Анджэй Дуда запрашэньня ад гаспадара Белага дому чакаў тры гады, хаця Дональд Трамп пасьля абраньня го прэзыдэнтам у сваю першую замежную паездку па Эўропе адправіўся менавіта ў Польшчу. Неўзабаве пасьля гэтага адносіны паміж Польшчай і ЗША значна пахаладзелі ў выніку прыняцьця ў Польшчы паправак у Закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, якія выклікалі пратэсты ў Амэрыцы.

На гэты раз візыт у Белы дом можа адбыцца падчас падарожжа Анджэя Дуды па ЗША, – гаворыць кіраўнік палітычнага кабінэту прэзыдэнта міністар Кшыштаф Шчэрскі.

К. Шчэрскі: Спадар прэзыдэнт плянаваў візыт у ЗША у чэрвені. Было б аптымальна спалучыць гэтую паездку з візытам у Белы дом. Анджэй Дуда плянуе адправіцца між іншым у заходні Тэхас, дзе правядзе перамовы пра энэргетыку і бізнэс. Я спадзяюся, што ўдасца спалучыць гэтыя падзеі. Тады паўтарылася б мінулагодняя схема – найперш саміт дзяржаў трох мораў з удзелам амэрыканскага боку, а пазьней прэзыдэнцкія пары Польшчы і Амэрыкі сустрэнуцца ў чэрвені ў Белым доме.

Пакуль яшчэ невядома дакладна, на якія тэмы будуць размаўляць прэзыдэнты Польшчы ды ЗША. Падрабязнасьці сустрэчы заплянаваныя будуць пазьней. На думку Кшыштафа Шчэрскага, гутарка пойдзе хутчэй за ўсё пра эканамічнае супрацоўніцтва дзьвюх краін ды вайсковую супрацу.

К. Шчэрскі: Гэта пытаньні супрацоўніцтва дзяржаваў трох мораў і прысутнасьць ЗША ў энэргетычнай, тэлекамунікацыйнай і транспартнай інфраструктуры краін нашага рэгіёну. Тэмай, магчыма, будзе таксама двухбаковае энэргетычнае супрацоўніцтва Польшчы і ЗША. Вельмі важнай тэмай зьяўляецца таксама прысутнасьць амэрыканскіх войскаў у Польшчы. Перамовы працягваюцца, мы хацелі б, каб на працягу бліжэйшых месяцаў стала ўжо вядома, якая будзе мадэль пашырэньня амэрыканскай прысутнасьці ў Польшчы і графік рэалізацыі гэтых плянаў.

Кшыштаф Шчэрскі не выключае, што падчас сустрэчы Дональда Трампа і Анджэя Дуды пойдзе гаворка пра набыцьцё Польшчаю амэрыканскай ваеннай тэхнікі.

К. Шчэрскі: Часткай плянаў пашырэньня амэрыканскай прысутнасьці ў Польшчы зьяўляецца ня толькі павелічэньне колькасьці жаўнераў ЗША, якія знаходзяцца ў нашай краіне, але таксама паглыбленьне вайсковага супрацоўніцтва праз супрацу ваенна-прамысловага комплексу Польшчы і ЗША. Гэта, між іншым, пакупка ўзбраеньня з падпісаньнем дамовы на шырокае супрацоўніцтва нашых ВПК. Гэта адзін з элемэнтаў пашырэньня амэрыканскай ваеннай прысутнасьці ў Польшчы ў рамках НАТО.

Як стала вядома Польскаму радыё, сустрэча прэзыдэнтаў Польшчы і ЗША ў Белым доме павінна прайсьці 12 чэрвеня. Пад канец траўня Кшыштаф Шчэрскі адпраўляецца ў Вашынгтон, каб заняцца падрыхтоўкай візыту. Прадстаўнік прэзыдэнта паведаміў таксама, што падчас візыту ў Белы дом Анджэй Дуда запросіць прэзыдэнта ЗША ў Польшчу на ўрачыстасьці 1 верасьня, у 80-ую гадавіну пачатку Другой сусьветнай вайны.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт