Logo Polskiego Radia
Print

Нармандзкі двубой прэзыдэнтаў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 07.06.2019 15:55
Лідэры ЗША ды Францыі выступілі з прамовамі падчас сьвяткаваньня гадавіны высадкі Альянтаў у Нармандыі.
Foto: EPA/LUDOVIC MARIN / POOL MAXPPP OUT Dostawca: PAP/EPA

Трамп заявіў, што амэрыканскі народ заўсёды будзе моцным. Макрон адказаў яму, што наймацнейшы той, хто бароніць іншых. Тэму асьвятляе штодзёнка «Gazeta Wyborcza».

У францускім рэгіёне – Нармандыі – адбыліся ўрачыстасьці ўшанаваньня гадавіны высадкі дэсанту заходніх хаўрусьнікаў, што прывяло ад адкрыцьця другога фронту ў Эўропе падчас ІІ Сусьветнай вайны.

75 год таму на пляжы Амаха, дзе сёлета праходзілі ўрачыстасьці, загінулі 3 тысячы жаўнераў Альянтаў. Тагачасная апэрацыя па высадцы марскога дэсанту была найбуйнейшай апэрацыяй падобнага тыпу ў гісторыі. Удзел ва ўрачыстасьцях узялі 170 вэтэранаў ІІ Сусьветнай вайны, у тым ліку 35 непасрэдных удзельнікаў апэрацыі.

«Стоячы на тутэйшай сьвятой зямлі, клянёмся, што наш народ заўсёды будзе моцным ды аб’яднаным», – заявіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас выступу на могілках, дзе пахаваныя амэрыканскія жаўнеры. Амэрыканскі лідэр згадаў унёсак брытанцаў, французаў, канадцаў, «змагарных палякаў», нарвэжцаў ды аўстралійцаў, зазначае выданьне.

У сваю чаргу францускі прэзыдэнт заявіў, што «ніколі нельга адмаўляцца ад саюза свабодных людзей». Менавіта таму пераможцы стварылі пасьля вайны ААН ды НАТО, а пазьней эўрапейскія лідэры заснавалі Эўразьвяз.

Выданьне зазначае, што гэта была крытыка на словы Трампа. Маўляў амэрыканскі прэзыдэнт на словах хваліць супольную барацьбу з нацыстамі, а на справах выступае за ізаляцыю ЗША, шмат разоў выходзіў з міжнародных дамоўленасьцяў ды парушаў хаўрус. Францускі прэзыдэнт зазначыў, што немаральна ставіць свае інтарэсы вышэй за іншых, піша выданьне.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт