Logo Polskiego Radia
Print

Прэзыдэнт А. Дуда дамаўляецца ў Белым доме пра амэрыканскія войскі ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.06.2019 15:20
А. Дуда і Д. Трамп падпішуць дамоўленасьць паміж Польшчай і Злучанымі Штатамі.
Прэзыдэнт Польшчы А. Дуда (яшчэ ў Варшаве, у Прэзыдэнцкім палацы 10.06.2019)Прэзыдэнт Польшчы А. Дуда (яшчэ ў Варшаве, у Прэзыдэнцкім палацы 10.06.2019)PAP/Leszek Szymański

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй дуда адправіўся з афіцыйным візытам у Злучаныя Штаты Амэрыкі, дзе плянуецца падпісаць пагадненьне пра вайсковае супрацоўніцтва паміж Польшчай і ЗША.

Польскага дзяржаўнага лідара суправаджае ў падарожжы жонка Агата Карнгаўзэр-Дуда ды прадстаўнікі дзяржаўных уладаў. Галоўным пунктам візыту зьяўляецца сустрэча з прэзыдэнтам ЗША у Белым доме. Анджэй Дуда наведае таксама іншыя штаты Амэрыкі – Тэхас, Нэваду і Сан-Францыска.

Прэзыдэнт прыбыў у ЗША ноччу паводле польскага часу. Самалёт прызямліўся ў Вашынгтоне, дзе вечарам па польскім часе Анджэй Дуда сустракаецца ў Белым доме з Дональдам Трампам. Перадае карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цэгельскі.

В. Цэгельскі: Палітыкі падпішуць дамоўленасьць паміж Польшчай і Злучанымі Штатамі. Дакумэнт прадбачвае павелічэньне колькасьці амэрыканскіх ваеннаслужачых у Польшчы. Пакуль што невядома, ці гэта будзе пастаянная прысутнасьць, ці ратацыйная. Прэзыдэнт Анджэй Дуда адзначыў некалькі дзён таму, што тэматыка абароназдольнасьці і дзяржаўнай бясьпекі ня будзе адзінай тэмай, закранутай падчас сустрэчы. Пойдзе гаворка таксама пра энэргетычнае супрацоўніцтва, так што эканамічныя тэмы зьяўляюцца важным элемэнтам сустрэчы. Прэзыдэнта Дуду суправаджаюць у паездцы па ЗША міністар нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак і міністар замежных спраў Яцэк Чапутовіч. Ноччу паводле польскага часу прэзыдэнт Трамп ладзіць урачысты банкет у гонар польскага госьця. На яго запрошаныя ўплывовыя амэрыканскія бізнэсмэны.

Меркаваньнем былога пасла ЗША ў Польшчы Стэфэна Мала, візыт Анджэя Дуды ў Белы дом – гэта доказ выдатных адносін паміж Польшчай і Злучанымі Штатамі. Дыплямат падкрэсьліў, што дзяржаўныя лідары дзьвюх краін сустракаюцца рэгулярна.

С. Мал: Гэта будзе чарговая вельмі важная падзея ў нашых адносінах. Гэта другі візыт прэзыдэнта Дуды, а прэзыдэнт Трамп быў ужо аднойчы ў Польшчы, неўзабаве прыедзе другі раз. Прэзыдэнт Абама пабываў тры разы ў Польшчы, прэзыдэнт Буш – некалькі разоў. Частыя сустрэчы на вышэйшым узроўні зьяўляюцца доказам здаровых адносінаў, вельмі салідных кантактаў паміж нашымі краінамі.

Стэфан Мал выразіў думку, што асноўнымі тэмамі перамоваў Дуды і Трампа будзе пакупка Польшчаю амэрыканскай ваеннай тэхнікі, пытаньне адмены візаў для палякаў, прысутнасьць вайсковых сілаў ЗША ў Польшчы, а таксама энэргетыка.

С. Мал: На маю думку, у выніку сустрэчы адбудзецца ў нейкай форме пашырэньне амэрыканскай вайсковай прысутнасьці ў Польшчы.

Амэрыканскія жаўнеры служылі разам з польскімі з 2003 году ў Іраку, пазьней у Афганістане. Прадстаўнікі ўзброеных сілаў ЗША нясуць службу таксама ў Польшчы, але іх лічба значна вырасла апошнім часам, у адказ на рост пагрозы з боку Расеі, калі пяць гадоў таму пачаўся ваенны канфлікт на ўкраінскай зямлі. Па словах амэрыканскага ваеннага прэс-аташэ ў Варшаве палкоўніка Джона Доўні, колькасьць амэрыканскіх салдат расьце дынамічна.

Д. Доўні: Гэта вялікая зьмена. Да 2015 году ў Польшчы несла службу 250 нашых салдат і 10 лётчыкаў, цяпер нашых жаўнераў тут каля 4 тыс. Нашая прысутнасьць у Польшчы і дапамога захаваць спакой на гэтай зямлі ніякім чынам ня зьменіцца ў бліжэйшым часе. Выдатна, што ўдалося зрабіць так шмат у такія кароткія тэрміны.

У выніку рашэньня, прынятага падчас саміту НАТА ў Варшаве, амэрыканцы прыслалі ў Польшчу тысячу салдат, а чарговыя 4-5 тысяч – гэта бранятанкавая брыгада, якая перамяшчаецца па нашым рэгіёне. Па словах палкоўніка Джона Доўні, хуткасьць перамяшчэньня войскаў – гэта самы вялікі козыр такіх ваенных адзінак у выпадку патэнцыйнага канфлікту.

Д. Доўні: У нашыя асноўныя абавязкі ўваходзіць задача хутка сабрацца і свабодна перамяшчацца. Калі так здарыцца, што нам прыйдзецца змагацца з нападаючым бокам, то неабходна дзейнічаць хутка.

Пакуль не паведамляюцца падрабязнасьці дамоўленасьці, якую заключаць прэзыдэнты Польшчы і ЗША. Таму, на момант падрыхтоўкі дадзенага сюжэту цяжка сказаць, ці ў Польшчы будзе створаная пастаянная база амэрыканскіх ваенных сілаў. Польскія ўлады імкнуцца да такога менавіта варыянту. Бакі паведамяць дэталі падпісанай дамовы вечарам паводле польскага часу на адмысловай прэс-канфэрэнцыі, пасьля сустрэчы ў Белым доме.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт