Logo Polskiego Radia
Print

Візыт А. Дуды ў ЗША стаў трыюмфам прэзыдэнта Польшчы і польскай дыпляматыі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.06.2019 14:35
Разьвеяўся міт, быццам бы Польшча трапіла ў ізаляцыю на міжнароднай арэне.
PAP/Radek Pietruszka

Выданьне «Sieci» яшчэ раз вяртаецца да вельмі важнай для палякаў падзеі, якой зьяўляецца візыт прэзыдэнта Анджэя Дуды ў ЗША. Падарожжа па Амэрыцы заканчваецца, але ўжо вядома, што яно стала трыюмфам прэзыдэнта Польшчы і польскай дыпляматыі. Візыт пацьвердзіў вагу дзяржавы, аднаго з важнейшых саюзьнікаў ЗША – піша выданьне. Разьвеяўся таксама міт, быццам бы Польшча ў часы ўлады партыі «Права й справядлівасьць» трапіла ў ізаляцыю на міжнароднай арэне і ня можа эфэктыўна дабівацца пастаўленых мэтаў.

Дональд Трамп вельмі пазытыўна выказваўся пра польскую дзяржаву, яе дэмакратыю, гісторыю і стан вяршэнства закона. Падарожжа Дуды ня толькі палепшыла імідж польскай дзяржавы, але прынесла таксама канкрэтныя рашэньні, перш за ўсё гаворка ідзе пра пагадненьне, якое павінна ўзмацніць бясьпеку краіны. Гэта пашырэньне ваеннай прысутнасьці амэрыканцаў у Польшчы і набыцьцё самых сучасных баявых самалётаў сьвету – зьнішчальнікаў F-35. Заключаная таксама дамова на павелічэньне паставак звадкаванага газу ў порт Сьвінавуйсьце, што значна зьменшыць залежнасьць Польшчы ад паставак расейскага газу. Падпісаныя таксама іншыя пагадненьні, між іншым у галіне мэдыцыны, якія прадбачваюць перадачу сучасных тэхналёгій.

Цікава, што галасьней за ўсіх крытычна пра візыт крычалі расейскія СМІ і польская апазыцыя. Напрыклад, былы амбасадар Рышард Шнэпф выразіў занепакаеньне, што Польшча заключыла пагадненьне з ЗША без папярэдняй кансультацыі з Нямеччынай. Што ж, часы, калі пра польскую замежную палітыку вырашалі ў Бэрліне, ужо прайшлі.

Sieci/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт