Logo Polskiego Radia
Print

450 гадоў таму была зацьверджаная ўнія паміж ВКЛ і Каралеўствам Польскім

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.07.2019 13:56
  • Люблінская унія.mp3
На той час стварэньне фэдэратыўнай дзяржавы было незвычайнай навінкаю ў Эўропе.
«Люблінская унія» (Ян Матэйка, 1869)«Люблінская унія» (Ян Матэйка, 1869)wikipedia.org/CC0 Creative Commons

1 ліпеня 1569 году дэпутаты польскага і літоўскага сэймаў зацьвердзілі гэтак званую Люблінскую ўнію, якая аб’яднала дзьве краіны ў адну фэдэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалітую абодвух народаў. Унія праіснавала два стагодзьдзі, да таго часу, калі тэрыторыя Рэчы Паспалітай была падзеленыя паміж трыма дзяржавамі.

На думку польскіх гісторыкаў, 450 гадоў таму, дзякуючы заключэньню лёсавызначальнага дагавору пра аб’яднаньне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, удалося стрымаць маскоўскую агрэсію. На той час стварэньне фэдэратыўнай дзяржавы было незвычайнай навінкаю ў Эўропе. Каралеўства Польскае ды ВКЛ і раней утрымлівалі вельмі блізкія палітычныя і грамадзкія сувязі, але дзякуючы Люблінскай уніі яны аб’ядналіся ў адну дзяржаву па прынцыпах роўнасьці. Была створаная новая эўрапейская імпэрыя – трэцяя па велічыні дзяржава на кантынэнце.

Многія прадстаўнікі шляхты ВКЛ доўгі час выступалі супраць аб’яднаньня з Каралеўствам Польскім, не падабаліся ім умовы, на якіх ВКЛ мела б увайсьці ў фэдэрацыю. Аднак на паперы дагавору ўсё было прыгожа. «Роўныя з роўнымі, свабодныя са свабоднымі» – пад такім лёзунгам была заключаная ўнія, хаця, як кажа прафэсар Анджэй Гіль, гэта былі дзьве розныя дзяржавы і сыстэмы.

А. Гіль: Паявілася паняцьце свабоды, гучала гэтае слова. Для нас цяпер гэта натуральна, але тады выбар палякаў быў абмежаваны дзеяньнямі Расеі. Калі б мы, палякі, тады не аказалі падтрымкі Літве і аддалі яе маскалям, то Расея паявілася б тут, за нашай усходняй мяжой, на 200 гадоў раней. А гэта была магутная дзяржава ўжо тады.

Люблінская ўнія прадбачвала, што ў аб’яднанай дзяржаве будзе адзін кароль, якога выберуць разам прадстаўнікі Польскага Каралеўства і ВКЛ, а таксама адзіны Сойм. Дзяржавы дамовіліся, што ў іх будзе адзіная замежная і абаронная палітыка, а таксама адзіная валюта. Былі захаваныя розныя дзяржаўныя мовы, скарбніцы і судовыя сыстэмы. Дзяржавы мелі асобныя арміі, цэнтральныя ведамствы, тытулярную тэрміналёгію.

Наколькі важным было падпісаньне уніі, тлумачыць гісторык прафэсар Генрык Люлевіч з Польскай Акадэміі навук. Вашай увазе архіўны запіс.

Г. Люлевіч: Дзякуючы гэтаму адбылося ўмацаваньне дзьвюх дзяржаў. У выніку аб’яднаньня Рэч Паспалітая абодвух народаў на працягу нейкага часу была магутнай дзяржавай. У нашай частцы Эўропы яна магла дыктаваць свае ўмовы, была рэгіянальнай імпэрыяй. Гэта была адна з самых вялікіх дзяржаў, калі казаць пра тэрыторыю. Большай была толькі Масковія.

У выходныя ў Любліне прайшлі ўрачыстасьці з нагоды 450-ай гадавіны Люблінскай уніі. На сьвяткаваньне прыехалі госьці з замежжа, у тым ліку з Летувы і Беларусі, былі прысутныя таксама высокапастаўленыя польскія дзяржаўныя дзеячы, між іншым прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі. У рамках адзначэньня гадавіны важнай гістарычнай падзеі адбылося богаслужэньне ў касьцёле, выступіў мітрапаліт віленскі арцыбіскуп Гінтарас Грусас. Пазьней удзельнікі ўрачыстасьці ўсклалі кветкі да помніка Люблінскай уніі, а ў Цэнтры сустрэч культур прайшлі дэбаты з удзелам парлямэнтарыяў з Польшчы і Летувы.

«450 гадоў таму адбылася падзея, якая ў тыя часы здавалася немагчымай», – адзначыў маршал Люблінскага ваяводзтва Яраслаў Ставярскі.

Я. Ставярскі: Мы паказалі тагачасным эўрапейцам, што можам у згодзе жыць з іншымі ў рамках дзяржаўнага аб’яднаньня, у склад якога ўвайшло шмат народаў. У сучаснай гісторыі Эўрапейскі Зьвяз зьяўляецца прыкладам падобнага аб’яднаньня. Я нагадаю, што Эўрапейскі Зьвяз выводзіцца з Эўрапейскага аб’яднаньня вугалю і сталі. У выніку эўрапейскія краіны ўвайшлі ў адзіную сыстэму, а наш народ 450 гадоў таму даў пачатак падобнаму працэсу. Тады мы паказалі, што гэта магчыма, што магчыма жыць у згодзе ў шматнацыянальнай дзяржаве.

Міжнародныя ўрачыстасьці гадавіны заключэньня Люблінскай уніі закончыліся ў Любліне канцэртам у Цэнтры сустрэчы культур. Аднак на гэтым не закончылася адзначэньне важнай гістарычнай даты. Розныя мерапрыемствы з гэтае нагоды працягнуцца да 4 ліпеня. Менавіта ў гэты дзень роўна 450 гадоў таму кароль Жыгімонт Аўгуст ратыфікаваў дагавор пра злучэньне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт