Logo Polskiego Radia
Print

Генпракурор парваў паразуменьне

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 01.09.2011 23:48
  • Генпракуратура.mp3
Генпракуратура: зьменіцца выключна спосаб выдачы матэрыялаў Беларусі.

/

Генэральны пракурор Польшчы Анджэй Сэрэмэт дэнансаваў паразуменьне, якое дазваляе непасрэдна абменьвацца дакумэнтамі паміж рэгіянальнымі пракуратурамі Польшчы й Беларусі.

Згаданы крок азначае, што заявы з просьбай аб юрыдычнай дапамозе, якія паступаюць ад беларускага боку, будзе разглядаць спачатку Генэральная пракуратура, - паведаміў прэс-сакратар Генпракуратуры Матэвуш Мартынюк. Пры гэтым ён дадаў, што на самой справе супраца паміж абедзьвюма краінамі ня зьменіцца.

Матэвуш Мартынюк: Супраца будзе працягвацца надалей менавіта на падставе згаданага дагавору. Зьменіцца выключна спосаб выдачы матэрыялаў з Польшчы ў Беларусь і наадварот.

Пракурор пацьвердзіў, што спыненьне дзейнасьці пагадненьня паміж Генпракуратурамі абедзьвюх краінаў зьвязанае зь інцыдэнтам па справе беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Матэвуш Мартынюк: Спыненьне дзейнасьці пагадненьня дазволіць больш эфэктыўна правяраць заявы зь Беларусі з просьбай аб юрыдычнай дапамозе. Нагадаем, што цяпер, напрыклад, пракуратура ў Беластоку ці кожная іншая ў Польшчы можа непасрэдна адпраўляць у Беларусь матэрыялы.

Пагадненьне перастане абавязваць пасьля паўгоду з моманту атрыманьня беларускім бокам адпаведнага дакумэнту па гэтаму пытаньню.

Тым часам міністар юстыцыі Польшчы Кшыштаф Квяткоўскі дагавор аб супрацы між судамі зрываць ня хоча.

А прычына – гэта апасеньні ў тым, што ў адказ Беларусь магла б спыніць дзеяньне пагадненьня аб юрыдычнай дапамозе ў пытаньнях эканамічных злачынстваў, - зазначыў міністар юстыцыі.

Кшыштаф Квяткоўскі: Ніколі не здаралася, каб польскі суд, у адрозьненьне ад пракуратуры, прадставіў дакумэнты, якіх выдаць не павінен. Таму з увагі на хуткасьць і эфэктыўнасьць супрацы я вырашыў, што паразуменьне аб дэцэнтралізацыі супрацы між судамі абедзьвюх краінаў надалей дзейнічае. Такім чынам, польска-беларуская дамова з 1994 году дзейнічае надалей.

Міністар юстыцыі зазначае, што гаворка не ідзе пра дэнансаваньне міжнароднай дамовы.

Кшыштаф Квяткоўскі: Далей дзейнічае міжнародная дамова аб юрыдычнай супрацы між Польшчай і Беларусяй. Нагадаю, што на падставе згаданай дамовы штогод вырашаюцца сотні справаў па грамадзянскім, крымінальным і сямейным кодэксах. На ёй абапіраецца таксама эканамічнае супрацоўніцтва, а дзякуючы гэтаму польскія прадпрымальнікі могуць працаваць у Беларусі й супрацоўнічаць зь беларускімі прадпрыемствамі.

Тацьцьяна Процька зь Беларускага Хэльсінскага камітэту шкадуе, што за памылкі польскіх чыноўнікаў заплацяць звычайныя грамадзяне.

Тацьцяна Процька: Па-першае, у сучасным сьвеце, калі сьвет аб’ядноўваецца, любыя акты разьяднаньня заўсёды народам не спрыяюць. Вядома, што і для польскага народа, і для беларускага народа такія крокі нельга назваць найлепшымі. Дрэнна, што за памылкі чыноўнікаў, за іх непрадбачлівасьць прыйдзецца расплочвацца людзям, народам. Канечне, дамовы аб прававой дапамозе, якія дзейнічалі паміж Польшчай і Беларусяй, а таксама паміж Летувой і Беларусяй, яны прыносілі шмат карысьцяў і для падаткаабклядальнікаў Польшчы, і Беларусі. Зараз нехта будзе мець з таго свае дывідэнды.

- лічыць Тацьцяна Процька. Яна не сумняецца, што адказу з боку Беларусі можна спадзявацца.

Тацьцяна Процька: Канечне, сытуацыя будзе пагаршацца. Тут будзе пэўны ціск і пагаршэньне сытуацыі дэмакратычных сілаў у грамадзтве, бо дзяржава будзе зьвязваць гэта зь дзеяньнем грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

- лічыць Тацьцяна Процька, юрыст Беларускага Хэльсінскага камітэту

У сваю чаргу Віктар Сазонаў зь Беларускага праваабарончага цэнтру „Вясна” лічыць, што палякі перш за ўсё павінны навесьці парадак у сваіх установах.

Віктар Сазонаў: Сам па сабе факт пэўных дамоваў, каб ён выконваўся, яго й мяняць ня трэба было б. Таму што каб выдаць нейкія банкаўскія рахункі, а гэта вялікая банкаўская таямніца, мы гэта ўсе выдатна ведаем, да гэтага трэба нейкія вельмі важныя падставы. Звычайнай дамоўленасьці паміж польскім і беларускім бокам гэтага мала. Дамоўленасьць - гэта толькі пачатак працэдуры. Трэба было б прад’явіць нейкую крымінальную справу на Алеся Бяляцкага, якой заведзена не было. Толькі тады магчыма было б, каб гэтая дамоўленасьць пачала працаваць. Тым часам адбылося наадварот. Справа стала заведзена пасьля таго, як атрымалі ўсе гэтыя банкаўскія рахункі. Такім чынам, факт, што сёньня перапынілі ці не перапынілі нейкія дамовы, ня мае ніякага вялікага значэньня. Значэньне мела тое, што ня выканалі сваіх абавязкаў чыноўнікі, якія павінны былі выконваць адпаведныя працэдуры.

Віктар Сазонаў перакананы, што паразуменне, дэнансаванае сёньня польскім генпракурорам, на самой справе не дазваляла здаць рахункі Алеся Бяляцкага.

Віктар Сазонаў: Тая дамова, якая была, не дазваляла здаць рахункі Бяляцкага. Не па дамове іх здалі. А здалі іх таму, што хтосьці захацеў проста іх здаць. Вось і ўся справа.

- лічыць юрыст зь беларускага праваабарончга цэнтру „Вясна” Віктар Сазонаў.

Нагадаем, польская пракутара перадала беларускаму боку дадзеныя пра банкаўскія рахункі кіраўніка беларускага праваабаронча цэнтру „Вясна” Алеся Бяляцкага. Згаданы факт прычыніўся да затрыманьня дзеяча й абвінавачваньня яго ва ўтойваньні даходаў у асабліва буйных памерах. За гэта, паводле беларускага заканадаўства, Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Анна Задрожна



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт