Logo Polskiego Radia
Print

Беларускае КДБ высылае „агентаў” у Польшчу

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 04.11.2011 16:49
  • Беларускае КДБ.mp3
У Беларусі чарговы „шпіёнскі скандал”.

/

Незалежныя СМІ паведамілі пра чарговую спробу вярбоўкі грамадзкіх актывістаў з боку КДБ. Куратары са спэцслужбаў хацелі накіраваць агентаў у Польшчу, каб тыя зьбіралі інфарамцыю пра дзейнасьць сеціўных рэвалюцыянераў. Яны паведамілі пра ўсё прэсе.

Гэтая гісторыя пачалася летам бягучага году. Адміністратара суполкі „Надакучыў нам гэты Лукашэнка” ды студэнта факультэта журналістыкі БДУ Максіма Чарняўскага запрасілі на „прафіляктычную гутарку” ў КДБ. Замест гутаркі адбыўся 5-гадзінны допыт, у выніку студэнта змусілі да супрацоўніцтва. Пра гэта Максім Чарняўскі распавёў парталу „Charter-97”. Ён паведаміў, што супрацоўнікі КДБ паставілі перад ім задачу: паехаць у Польшчу ды зьбіраць інфармацыю пра дзейнасьць руху „Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” й ягонага каардынатара Вячаслава Дыянава. Гэта ня першая спроба беларускага КБД сачыць за дзейнасьцю гэтай ініцыятывы, кажа „пацярпелы” Вячаслаў Дыянаў.

Вячаслаў Дыянаў: Мы ўвесь час сутыкаемся з тым, што ідзе вярбоўка людзей, якім даюцца канкрэтныя задачы па ўдакладненьні нашай дзейнасьці, зборы ўсіх магчымых дадзеных пра нас асабіста, месцы знаходжаньня, ды нашай дзейнасьці. Яны разумеюць, што ёсьць канкрэтныя пагрозы. Вулічных акцыяў пакуль няма, але праца вядзецца. Мы кантактуем зь людзьмі, абменьваемся інфармацыяй. Яны гэта бачаць, ды бачаць, што могуць зьявіцца новыя ідэі й падыходы, а нашая актыўнасьць ня зьменшылася. У сваю чаргу мы аказваем дапамогу тым людзям, якія нас інфармуюць пра такія захады. У нас ужо ёсьць пэўны досьвед, наладжаныя кантакты з праваабаронцамі, і мы дапамагаем ім спачатку кансультацыйна. Таму тыя, хто хоча вызваліцца ад ціску КДБ, могуць разьлічваць на нас.

Паводле словаў Алеся Зарэмбюка, аднаго з заснавальнікаў Беларускага дому ў Варшаве, які сам быў вымушаны ўцякаць зь Беларусі па палітычных матывах, беларускія спэцслужбы вельмі актыўна працуюць на польскім напрамку. Перасьлед адчуваюць нават тыя, хто зьехаў на Захад. Сёньня ж КДБ пашырае свю дзейнасьць і цікавіцца ўжо ня толькі апазыцыяй, зазначае беларыскі дзеяч.

Алесь Зарэмбюк: Некаторыя беларусы, якія зьехалі па палітычных матывах у Эўропу, надалей сутыкаюцца зь ціскам беларускіх службаў. Людзі атрымоўваюць, напрыклад, эсэмэсы з пагрозамі. Даходзіць таксама інфарамцыя, што беларускія спэцслужбы актыўныя й за мяжой. Але ўсё-такі асноўная праца вядзецца, вядома ж, у Беларусі, бо там прасьцей. Там на людзей ціснуць ды прымушаюць да супрацоўніцтва праз розныя мэханізмы. Калі людзі прыязджаюць у эўрапейскія краіны, яны могуць пра гэта свабодна заявіць. Апошні выпадак падкрэсьлівае актыўнасьць беларускага КДБ, які імкнецца завербаваць ды інфільтраваць вельмі розныя супольнасьцьі. Гэтыя маладыя людзі не былі апазыцыянерамі, не былі актывістамі палітычных партыяў, яны проста праявілі ініцыятыву ды мелі сваю пазыцыю, адрозную ад рэжыму Лукашэнкі.

З падобнымі праявамі актўнасьці беларускага КДБ сутыкаліся й польскія няўрадавыя арганізацыі, якія супрацоўнічаюць зь беларускімі партнэрамі. Штогод КДБ спрабуе падсылаць у Польшчу завербаваных агентаў, кажа Томаш Пісуля з Фонду „Свабода й дэмакратыя” з Варшавы.

Томаш Пісуля: Скажу наступнае, мы інфармавалі польскія ўлады пра шэраг падобных выпадкаў у мінулым. Гэта ня здарылася ўпершыню. Раз – два разы на год такія сытуацыі здараюцца. Мы працуем з 2006 году, і ніколі не было году без падобных гісторыяў. Мы, як няўрадавая арганізацыя, сьвядомыя таго, што нас спрабуюць распрацоўваць беларускія спэцслужбы. У дадатак беларуская амбасада ў Варшаве вядзе сваю інфармацыйную палітыку ды рассылае хлусьлівую інфармацыю. Мы сталі іх ахвярай у мінулым годзе. Гэтая дзейнасьць вядзецца рознымі мэтадамі. Таму мяне не зьдзіўляюць спробы вярбоўкі ўсё новых і новых людзей.

На наступным тыдні ў Варшаве адбудзецца прэсавая-канфэрэнцыя з удзелам Вячаслава Дыянава ды тых маладзёнаў, якія распавялі пра ціск ды вярбоўку з боку КДБ.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт