Logo Polskiego Radia
Print

На жыцьцё скардзяцца на кухні

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 12.11.2011 18:27
  • 12.11_На жыцьцё скардзяцца на кухні.mp3
Прайшоў Другі Народны сход у Беларусі. Арганізатары плянавалі акцыю прыкладна ў дзесяці гарадах краіны. Фактычна сход прайшоў у трох гарадах.
ucpb.org
ucpb.org

У Менску на акцыю сабралася каля 50 чалавек, у Гомелі -- каля 70, у Баранавічах -- прыкладна тры дзясяткі. Людзі абмяркоўвалі рэакцыю ўладаў на патрабаваньні першага народнага сходу, што адбыўся месяц таму -- 8 кастрычніка.

У Менску мерапрыемства прайшло на пляцоўцы ў парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалёр. Але самі арганізатары на сход не патрапілі. Былі затрыманыя адзін з арганізатараў Народнага сходу Віктар Івашкевіч, сябра партыі БНФ Вінцук Вячорка. Праз некалькі гадзін іх адпусьцілі без складаньня пратаколаў.

Пляцоўка ў парку была ачэпленая міліцыянтамі й асобамі ў цывільным, якія не прапускалі да месца збору людзей. Журналістаў пускалі толькі пасьля прад’яўленьня дакумэнтаў, а некаторыя супрацоўнікі СМІ прарываліся да месца збору абыходнымі шляхамі.

У выніку некалькі дзясяткаў чалавек, у асноўным людзі сталага веку, сабраліся на анансаванай пляцоўцы. Яны абмяркоўвалі стан эканомікі ў дзяржаве, наракалі на апатычнасьць суайчыньнікаў.

Спадарыня: Ой, прышлі пастаяць за сябе. Ну, хопіць ужо стаяць на каленях і жыць як тыя краты ў нары. Трэба ўжо пастаяць за сябе, выступаць за сваю чалавечую годнасьць.

Спадарыня: Вы задаволеныя гэтым жыцьцём, а? Так усе плачуцца, усе незадаволеныя, рыдаюць. Дык выйдзіце! -- я ім кажу. І ўсё на кухні! Сюды прыйшла паглядзець – нікога няма! Дык хай мне цяпер хто паплачацца!

У парк Дружбы народаў, дзе плянавалі сабрацца людзі, прыйшоў прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкама Аляксандар Ластоўскі. Ён заклікаў людзей, каб яны разышліся, інакш будуць несьці адказнасьць за несанкцыянаваны сход.

Людзі яшчэ крыху пастаялі на месцы збору й сапраўды разышліся.

Адзін з ініцыятараў сходу Генадзь Фядыніч заклікаў прысутных разысьціся ў мэтах бясьпекі. Разам з тым, паводле яго слоў, сходы мяркуецца праводзіць і надалей.

Аргкамітэт Народнага сходу ня лічыць неабходным падаваць заяўкі на яго правядзеньне, аргумэнтуючы гэта тым, што дадзены фармат акцыі падпадае пад дзеяньне закона аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах. Улады з такой трактоўкай заканадаўства ня згодныя.

Напярэдадні акцыі 8 кастрычніка й 12 лістапада ініцыятарам сходаў -- Віктару Івашкевічу й Генадзю Фядынічу -- Генэральная пракуратура вынесла папярэджаньне аб недапушчальнасьці правядзеньня несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

Марыя Кароль

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт