Logo Polskiego Radia
Print

VI Дні беларускай культуры

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 15.11.2011 18:30
  • VI Дні беларускай культуры.mp3
Мерапрыемства пройдзе ў Кракаве.
/

У сераду ў Кракаве пачынаецца буйная беларуская імпрэза – VI Дні беларускай культуры. Мерапрыемства аднавілася праз тры гады. Апошнія V Дні ладзіліся ў 2008 годзе.

Дні беларускай культуры фінансава падтрымала Міністэрства замежных справаў Польшчы, таксама ўлады Малапольскага ваяводзтва (Urząd Marszałkowskі).

Пра тое, чаму варта паўдзельнічаць у гэтай імпрэзе расказвае адзін з арганізатараў, сябра Беларускага таварыства ў Кракаве Алесь Шота.

А. Шота: Яна шмат у чым падобная да папярэдніх імпрэзаў. У яе межах адбываюцца сустрэчы зь беларускімі інтэлектуаламі, выкладчыкамі, адбываецца прэзэнтацыя кніжак, паказы фільмаў, канцэрты. Структура імпрэзы моцна не мяняецца. Нам здаецца, што яна спраўдзілася.

За тое кожны раз мяняецца зьмест Беларускіх дзён у Кракаве. У гэтым годзе цэнтральнай тэмай зьяўляецца гісторыя й гістарычная сьвядомасьць беларусаў.

А. Шота: Гэта бачна хаця б у заўтрашнім дні. Тэма Другой Сусьветнай вайны. Гэта здавалася б такая ўжо заежджаная тэма, але мы хочам паказаць яе зь іншага боку. Хочам паказаць штодзённасьць у час вайны. Паказаць этнічныя адносіны. Не абмяжоўвацца партызаншчынай.

Дні Беларускай культуры ў Кракаве працягнуцца тры дні: ад серады да пятніцы. Акрамя гісторыі кракавяне пазнаёмяцца зь беларускай музыкай.

А. Шота: Канцэрт гурта Альтанка. Ён яшчэ ў нас ня граў. Ён мала вядомы, на жаль, мала пра яго чуваць у Беларусі і ў Польшчы тым больш. А гэта выбітны гурт і гэта фактычна першы склад „Тройцы”. Музыкі вартыя таго, каб прыйсьці й іх паслухаць.

Напэўна будзе цікава пабачыць беларускія кліпы з двух дэкадаў. Заплянаваны праект Кліп-маратон 1988-2008.

Цьвіком мерапрыемства арганізатары лічаць прэзэнтацыю пра стан незалежнай культуры й НДА ў Беларусі. Пра гэты рапарт апошнім часам было шмат чуваць. Былі прэзэнтацыі ў Менску, цяпер адбываюцца ў Польшчы. Польскі журналіст Павал Ляўфэр і беларускі філёзаф, літаратурны крытык Валянцін Акудовіч разам прадставяць гэты рапарт.

Для каго ладзяцца Дні Беларускай культуры ў Кракаве? Наведвальнікаў пералічае Алесь Шота.

A. Шота: Ёсьць розныя катэгорыі людзей. Пастаянна на беларускія мерапрыемствы прыходзяць палякі зацікаўленыя Беларусьсю, якія займаюцца Беларусьсю прафэсійна, пішуць навуковыя працы. Людзі зьвязаныя з акадэмічным унівэрсытэцкім асяродзьдзем, студэнты, якія былі ў Беларусі, езьдзілі з выкладчыкамі, маюць сяброў у Беларусі, таксама беларускія студэнты ў Польшчы. Хаця часам цяжка зацягнуць якога –небудзь беларуса на беларускую імпрэзу. Але прыходзяць. І яшчэ адна катэгорыя, якая мяне цешыць больш за ўсіх – гэта выпадковыя людзі.

Беларусь хоць блізкі, але ўсё ж далёкі сусед для палякаў. Такія мерапрыемствы як Дні беларускай культуры ў Кракаве, падчас якіх адбываецца кароткае, але масавае наступленьне беларушчыны на польскую культурную прастору, зьнішчае стэрэатыпы й пашырае гарызонты бачаньня Беларусі палякамі. А пры нагодзе, бывае што й самыя беларусы адкраваюць свае, але новыя рэчы.

Яланта Сьмялоўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт