Logo Polskiego Radia
Print

Маці просіць Лукашэнку аб памілаваньні

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 01.12.2011 17:17
  • Маці просіць Лукашэнку аб памілаваньні.mp3
Маці Ўладзіслава Кавалёва будзе дабівацца асабістай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Сёньня яна перадала зварот да кіраўніка дзяржавы ў Адміністрацыю прэзыдэнта з просьбаю памілаваць яе сына, асуджанага на сьмерць.

Учора Вярхоўны суд вынес сьмяротны прысуд Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву. Яны абвінавачаныя ў тэрарызьме.

Каля Адміністрацыі прэзыдэнта Любоў Кавалёва для журналістаў зачытала тэкст звароту да Лукашэнкі.

Любоў Кавалёва: Я, Любоў Кавалёва, мама асуджанага на сьмерць Уладзіслава Кавалёва, зьвяртаюся да Вас як да кіраўніка дзяржавы, гаранта Канстытуцыі й бацькі трох дзяцей з просьбай аб памілаваньні майго адзінага сына.

Аляксандр Рыгоравіч! Я адна выхоўвала сына й дачку, ніхто й ніколі ня мог мяне папракнуць у тым, што я недастойна выхавала сваіх дзяцей. Мой сын рос на прыкладзе свайго дзеда — Кавалёва Вячаслава Міхайлавіча, які з 14 год пайшоў у партызаны й прайшоў усю вайну.

Улад — звычайны хлопец, любячы сын, верны сябар, сумленны рабочы. Ён ня мог зьдзейсьніць тое жахлівае злачынства, за якое яго асудзілі.

Аляксандр Рыгоравіч! Вы як ніхто ведаеце, як цяжка кіраваць краінай і захоўваць спакой у вялікай сям’і. Але мудры бацька ня толькі карае, але й праяўляе міласэрнасьць, дзякуючы чаму сям’я надалей сядзіць за агульным сталом і шануе бацьку.

Аляксандр Рыгоравіч! Я бачу ў Вас абаронцу хрысьціянскай маралі, згодна зь якой толькі Бог дае жыцьцё й толькі ён яго можа адняць. Не ацэньваючы вырак суду ў дачыненьні да майго сына, я прашу вас згадаць, што ў гісторыі Беларусі былі выпадкі, калі невінаватых прысуджвалі да расстрэлу, і толькі празь некалькі гадоў знаходзілі сапраўднага злачынцу. Калі ласка, увядзіце мараторый на сьмяротнае пакараньне ў Рэспубліцы Беларусь, пакажыце, што нашая краіна - цывілізаваная краіна.

Малю вас: ратуйце майго сына. Вы — адзіны, хто можа гэта зрабіць.

Калі Любоў Кавалёва зачытвала дакумэнт, да яе ў суправаджэньні амапаўцаў падыйшоў намесьнік ГУУД Менска й загадаў сыйсьці ў “прадназначаныя месцы”.

Пасьля вяртаньня з Адміністрацыі прэзыдэнта Любоў Кавалёва адказала на пытаньні.

Любоў Кавалёва: Запрасілі мяне ў прыёмную, зарэгістравалі заяву. Сказалі, што будзе разгледжаная ў межах заканадаўства. Наконт асабістай сустрэчы сказалі, што мне можна напісаць адпаведны ліст, даслаць яго адпаведным лістом. І ён будзе гэтак жа разгледжаны.

Любоў Кавалёва мяркуе, што яе лісты сыну не перадаюць.

Любоў Кавалёва: Як я перажыла ўчорашні дзень? Ня дай Бог нікому аказацца на такім месцы! Ня дай Бог! Як можа маці перажыць, калі яе сына вінавацяць у такім страшным злачынстве й выносяць абвінаваўчы прысуд, на чым? На чым? Дзе доказы?

За ўвесь працэс суда я атрымала два лісты й адну паштоўку. Маіх лістоў Улад не атрымліваў. Гэта я бачу па яго лістах – ён не адказвае на мае пытаньні. Я й дачка ў кожным лісьце нешта пішам, каб ён адказаў, і было бачна, ці атрымлівае лісты. І я так зразумела, што не атрымлівае.

У верасьні Любоў Кавалёва мела спатканьне з сынам, яна гаворыць, што на ім былі сьляды фізычнага ўзьдзеяньня.

Любоў Кавалёва: Сын жыў надзеяй, надзеяй на тое, што нешта зьменіцца ў судзе, будуць старанна разгледжаныя ўсе доказы. Але як мы пабачылі, суд не палічыў патрэбным гэта разьбіраць.

Так, было збіцьцё, хаця потым ён сказаў, што яго штурхнулі. Але ў матэрыялах справы ёсьць, што яго добра зьбілі. Канешне, меў месца маральны ціск. Улад не знаходзіўся ў камэры-адзіночцы.

Перад пачаткам судовага працэсу адваката не пусьцілі да Ўлада, і ў часе суда адвакат і Ўлад неаднаразова заяўлялі хадайніцтвы аб сустрэчах. Але судзьдзя Федарцоў сказаў “у перапынках па рашэньню канвою”. Поўнае парушэньне, бо адвакат мае права кантактавацца са сваім падабаронным у любы час і без усялякіх камэр, праслухоўваньня. Хаця ў нас гэта немагчыма.

Сёньня ж Любоў Кавалёва мела прыватную сустрэчу з адвакатам сына, а таксама занесла ў Вярхоўны суд заяву дазволіць ёй спатканьне з Уладам.

Марыя Кароль, Менск




Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт