Logo Polskiego Radia
Print

“Gazeta Wyborcza”: беларуская тэма

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 24.03.2012 16:55
“Gazeta Wyborcza” пра Канавалава, Кавалёва, сьмяротнае пакараньне ды кнігу Алкаева "Расстрэльная каманда".

/

“Gazeta Wyborcza” публікае ажно на цэлую паласу артыкул на тэму сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. 32-гадовая Інэса Крутая была параненая ў выніку тэракту ў мэтро ў красавіку 2011 году, цяпер яна ходзіць на кастылях і, праўдападобна, да канца жыцьця застанецца інвалідам. “Я сумняюся, што Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў зьдзейсьнілі тэракт, таму была супраць сьмяротнага пакараньня”, кажа жанчына журналісту польскага выданьня. Беларускае тэлебачаньне падрабязна асьвятляла працэс, і яшчэ да яго заканчэньня "прыгаварыла" Канавалава й Кавалёва. Газэта зазначае, што большасьць людзей, якія пацярпелі ў выніку выбуху бомбы (гэта каля 400 чалавек), ня вераць у тое, што хлопцы – тэрарысты. Улады некага прыкрываюць, бо працэс прайшоў з парушэньнем элемэнтарных нормаў, а абвінавачаныя сьцьвярджалі, што паказаньні былі зь іх выбітыя.
“Gazeta Wyborcza” падкрэсьлівае, што Беларусь – адзіная ў Эўропе краіна, дзе існуе сьмяротнае пакараньне. З 1991 году ў краіне расстраляна, паводле розных ацэнак, ад 200 да 400 чалавек. Да вышэйшай меры пакараньня не прысуджаюцца жанчыны, непаўнагадовыя, а таксама людзі, якім больш за 65 гадоў. Паводле Крымінальнага кодэксу, да сьмяротнага пакараньня суд можа прыгаварыць за 14 відаў злачыннасьці.


“Gazeta Wyborcza” таксама апісвае некаторыя выпадкі злачынцаў, прыгавораных да вышэйшай меры пакараньня. У прыватнасьці, гэта афіцэр МУС Аляксандар Сяргейчык. З 1996 па 2006 год ён забіў ды згвалціў прынамсі 11 жанчын. У 2007 годзе прыгавораны да расстрэлу, прыгавор прыведзены ў выкананьне ў ліпені 2010 году. Штодзёнка таксама піша пра Алега Алкаева – былога начальніка менскай турмы №1, дзе расстрэльваюцца прыгавораныя. Цяпер Алкаеў жыве ў Нямеччыне, дзе атрымаў палітычны прытулак. Ён быў прымушаны ўцячы зь Беларусі, паколькі раскрыў таямніцу зьнікненьня беларускіх апазыцыйных палітыкаў. Алкаеў таксама напісаў кнігу “Расстрэльная каманда”, у якой падрабязна апісаў працэдуру расстрэлу прыгавораных і таямніцу зьнікненьня апанэнтаў Лукашэнкі, паведамляе “Gazeta Wyborcza”.


вс

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт