Польшча і Ўкраіна выдалі на чэмпіянат 30 мільярдаў эўра
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
25.05.2012 17:00
На што пайшлі гэтыя грошы й ці адкупяцца яны?
Польшча і Ўкраіна выдалі на арганізацыю Чэмпіянату Эўропы па футболе больш за 30 мільярдаў эўра – піша “Gazeta Wyborcza”. Асноўная частка грошай пайшла на разбудову дарогаў, аэрапортаў і разьвіцьцё градзкога транспарту.
Напрыклад, на пабудову аўтастрадаў Варшава выдаткавала ажно 14 мільярдаў эўра. Чэмпіянат дапамог Польшчы палепшыць дарожную сетку, якая застаецца адной з найгоршых у Эўразьвязе. Каля 4 мільярдаў эўра пайшло на рамонт чыгуначных вакзалаў і 1,2 мільярды – на будаўніцтва стадыёнаў.
Украіна патраціла 10,5 мільярдаў эўра. На рамонт дарогаў яна выдаткавала ўсяго 3,1 мільярды. Затое Ўкраіна грунтоўна разбудавала аэрапорты ў гарадах, дзе адбудуцца спаборніцтвы. На гэтыя мэты пайшло больш за 2 мільярды эўра.
Чакаецца, што ў Польшчу, як і ва Ўкраіну, прыедуць па 500-700 тысячаў аматараў футболу, якія патрацяць у дзьвюх дзяржавах да 900 мільёнаў эўра. Чэмпіянат павінен быў палепшыць імідж Кіева ў сьвеце. Аднак гэтага, хутчэй за ўсё, не адбудзецца – ня толькі з-за дарагіх гатэляў і дрэннага грамадзкага транспарту, але й па палітычных прычынах – мяркуюць экспэрты “Gazety Wyborczej”.
ап