"Толькі сьвет, пабачаны асабіста, нечага варты " – напісаў калісьці Казімеж Вежыньскі. - Толькі ў дарозе адчуваеш свабоду й тое, пра што не мусіш клапаціцца пра дробязі. "
Каб пабачыць прыгожыя польскія мясьціны й краявіды - неабавязкова купляць дарагія пуцёўкі. Можна самому заплянаваць й зрэалізаваць падарожжа. Усё часьцей вяртаюцца папулярныя й 70-80 гады падарожжы аўтаспынам.
Аднак недастаткова мець толькі адвагу. Да падарожжа аўтаспынам неабходна адпаведна падрыхтавацца. Можна падарожнічаць самастойна , але найлепей у кампаніі, бо гэта й больш бясьпечна, ды і ў дарозе весялей.
Перад тым, як пачаць падарожжа, неабходна прадумаць трасу маршрута. Лепей абраць трасу з большым рухам, нават калі яна будзе даўжэйшай. Неабходна мець пры сабе мапу краіны з пазначанай аўтамагістральнай сеткай. Для турыстаў найлепшай зьяўляецца мапа з пранумэраванымі дарогамі, з пазначанымі зьездамі з аўтастрадаў і бэнзапраўкамі, плянамі праезду прынамсі некалькіх буйных гарадоў і пазначанай турыстычнай часткай.
Перад выездам у падарожжа варта нешта даведацца пра месца падарожжа. Найпрасьцей пашукаць у сеціве інфармацыю пра цікавыя аб’екты, напрыклад гістарычнага ці культурніцкага характару, знайсьці правераныя пункты харчаваньня, гатэлі ці кэмпінгі. Даведацца пра гарадзкую камунікацыю.
Зьбіраючы ў дарогу заплечнік трэба памятаць, што ўвесь свой багаж прыдзецца насіць на сваіх плячах, таму перад тым, як спакавацца, найлепш за ўсё зрабіць сьпіс прыдатных рэчаў.
- Вопратку на цёплыя й халодныя дні ( найлепш сьветлага колеру. Можа й брудзіцца хучэй, за тое здалёк выглядае больш прыстойна).
- Спальнік і турыстычную мату, калі камусьці хочацца насіць, то можа ўзяць і намёт.
- Плашч- намёт. Спатрэбіцца ў дажджлівае надвор’е.
- Зручны абутак, найлепш тэнісоўкі ці сандалі, альбо адно й другое.
- Цёплыя шкарпэткі.
- Абязбольваючыя лекі.
- Блёк паперы фарматам А3 спатрэбіцца на шашы, каб спыніць папутку.
Дасьведчаныя вандроўнікі кажуць, што ёсьць некалькі спосабаў злавіць папутку:
- Клясычны спосаб- выцягнуць руку й церпяліва чакаць, ажно хтосьці спыніцца. Кіроўцу трэба ўсьміхацца. Кіроўца павінен бачыць твар падарожніка. Ня варта хаваць багаж і папутчыкаў у кустах, бо кіроўца можа перадумаць і ад’ехаць. Варта трымаць у руках дарожную мапу.
- Табліца. На паперы трэба напісаць назву мясцовасьці куды вы зьбіраецеся ехаць. Найлепш пісаць маркэрам, бо такі надпіс лепей бачны здалёк.
- Злавіць машынуна паркінгу альбо бэнзапраўцы. Падысьці да кіроўцы й запытацца куды едзе й ці не падвязе.
Калі нехта захоча падвезьці вас, то памятяйце, папутка- гэта не таксоўка. З кіроўцам варта паразмаўлаць, нават калі вам ня хочацца, то прынамсі з удзячнасьці.
І яшчэ адна дылема- плаціць ці не плаціць за падвозку?
Бывае па рознаму - адныя кіроўцы абураюцца, што ім ня плацяць, бывае й інакш- крыўдзяцца на запрапанаваныя грошы, бо ўзялі падарожнікаў з добрага сэрца. Ёсьць у Польшчы трасы, дзе прынята плаціць за падвозку, напрыклад на трасе Варшава- Радам.
І яшчэ некалькі словаў пра бясьпеку.
- Грошы й дакумэнты заўсёды трэба мець пры сабе, схаваныя ва ўнутраных нябачных кішэнях вопраткі.
- У кашальку трэба мець дробныя грошы на нейкія непрадбачаныя выдаткі.
- У ніякім выпадку не кідаць заплечнік у багажнік. Ён павінен быць такой велічыні, каб зьмясьціўся паміж каленамі.
- І яшчэ варта , як кажуць, мець вочы вакол галавы. Сачыць за абставінамі й быць уважлівым у незнаёмым месцы й асяродзьдзі.
Шчасьлівага падарожжа й прыемных уражаньняў ад пабачанага!
Падрыхтавала Караліна Русіновіч