З карысьцю для сэрца
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
28.08.2012 16:59
Экспэрты раяць...
Чаго ня любіць наша сэрца? На гэтае пытаньне спрабавалі адказаць экспэрты падчас Кангрэсу Эўрапейскай кардыялягічнай асацыяцыі, які адбываецца ў Мюнхэне. Як піша выданьне „Rzeczpospolita”, раней усё было ясна – цыгарэты шкодзяць курцам, самая здаровая ежа несалёная й лепш ня піць напояў, якія павышаюць тонус, але ўтрымліваюць кафэін і таўрын.
Аказываецца, што ня ўсё так проста. Усе згодныя, што за вялікі адсотак хваробаў сэрца адказвае курэньне. І дзеля таго, каб абмежаваць дрэнны ўплыў, многія краіны ўводзяць забарону курэньня ў грамадзкіх месцах. Але гэта дае карысьць не самім курцам, а тым, хто не курыў, а быў змушаны знаходзіцца ў дымным памяшканьні. Колькасьць інфарктаў у пасіўных курцоў упала на 26%.
Іншая справа – соль. Вядома, што яе празьмерная колькасьць шкодзіць. Раней навукоўцы прапанавалі ўжываць ня больш за 5-6 грамаў солі ў дзень. А цяпер многія кажуць, што неабходна зьменшыць норму яшчэ напалову. Нельга забываць, што соль, якой мы пасыпаем ежу, гэта толькі некалькі працэнтаў таго, што зьядаем. Найбольш солі знаходзіцца ў гатовых кансэрвах ды звычайным хлебе.
Лекары таксама зьмянілі меркаваньне наконт энэргетычных напояў. Дасьледваньні паказалі, што прысутнасьць таўрыну ня толькі ня шкодзіць сэрцу, а нават паляпшае здароўе. Крывяны ціск крыху павышаецца, але затое паляпшаецца праца сэрца пасьля спажываньня напояў з кафэінам ды таўрынам. Праўда, дасьледваньні былі праведзеныя на маладых, здаровых людзях. Невядома, ці такія ж вынікі былі б атрыманыя ў выпадку старэйшых або хворых асобаў.
Rzeczpospolita/нг