Logo Polskiego Radia
Print

Расьце кібэрзлачыннасьць

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 30.09.2012 09:00
Паводле экспэртаў, палякі ня надта клапоцяцца аб уласнай бясьпецы ў сеціве.
kampus.uni.opole.pl

Кожны дзень ахвярамі кібэрзлачынстваў становіцца амаль 1,5 мільёна чалавек.

На працягу году прамыя кошты, зьвязаныя з глябальнай кібэрзлачыннасьцю, нанесеныя спажыўцам па ўсім сьвеце, склалі 110 мільярдаў даляраў. Толькі ў Польшчы яны склалі амаль 5 мільярдаў даляраў.

Міраслаў Май з фонду „Бясьпека кібэрпрасторы” лічыць, што палякі ня надта клапоцяцца пра ўласную бясьпеку ў сеціве.

Тым ня менш, многія карыстальнікі інтэрнэту ў Польшчы зьдзяйсьняюць дзьве асноўныя памылкі. Па-першае, гэта адсутнасьць якіх-колечы сыстэм бясьпекі, як антывірусныя праграмы ці брандмаўэры. Другая памылка - гэта неасьцярожнасьць.

Міраслаў Май дадаў, што найбольш эфэктыўныя мэтады інтэрнэт-злачыннасьці базуюцца на празьмернай даверлівасьці карыстальнікаў.

Міраслаў Май: Напрыклад, калісьці распаўсюджваўся вірус „I love you”, і карыстальнікі проста хацелі праверыць, хто іх кахае. Цяпер, напрыклад, нехта падкідае ў фірму кружэлку з надпісам „Заробкі”, і працаўнікі загружаюць у кампутары інфэкаваныя дадзеныя, каб праверыць зарплаты.

Міраслаў Май дадаў, што вірусы заўсёды распаўсюджваюцца найбольш папулярнымі шляхамі. Таму цяпер асабліва асьцярожнымі павінны быць карыстальнікі сацыяльных сетак. Тое ж самае тычыцца і ўладальнікаў смартфонаў.

Міраслаў Май: Гэта ўжо ня толькі тэлефон, але кампутар, які мае сваю праграму. Таму можна, напрыклад, інфэкаваць вірусам смартфон, які пазьней будзе самастойна адпраўляць СМС-паведамленьні. Вірус можа, скажам так, выцягваць ад нас розныя дадзеныя, зьмешчаныя ў памяці тэлефона, якіх мы абсалютна ня хочам распаўсюджваць.

У мабільныя тэлефоны вірусы звычайна пранікаюць пасьля наведваньня „інфэкаваных” сайтаў. Небясьпечнымі могуць быць таксама розныя праграмы для смартфонаў. Таму трэба правяраць іх крыніцы. Можна скарыстацца таксама антывіруснымі праграмамі для мабільных тэлефонаў.

Справаздача „Norton Cybercrime 2012” сьведчыць пра тое, што ў мінулым годзе амаль палова дарослых карыстальнікаў інтэрнэту стала ахвярамі шкодных праграмаў, вірусаў, махлярства або крадзяжу.

Як мінімум траціна карыстальнікаў мабільных прыладаў у Польшчы атрымала падазронае тэкставае паведамленьне ад невядомай асобы.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт