Logo Polskiego Radia
Print

Праблемы з атрыманьнем польскіх віз

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 10.11.2012 15:49
  • wizy.mp3
Калісьці вялізныя чэргі стаялі пад консульствамі і на праблему немагчыма было заплюшчаць вачэй.

/


Цяпер рэгістрацыя перанесеная ў сеціва. Праблемы быццам ня бачна. Але ці стала лепш? Гэта высьвятляла Эльвіра Богдан.

Сапраўды, ёсць пэўная выгода ў тым, што ня трэба ехаць пад консульства, каб дастаяцца да вакенца. Але праблема з тым, каб атрымаць польскую візу, ці то ў Горадні, ці ў Берасьці, ці ў Менску, засталася. Проста чэргі перанесьліся ў інтэрнэт. Сёньня мы паспрабуем высьветліць, што трэба зрабіць, каб атрымаць польскую візу. Гаворыць Артур з Горадні, які вучыцца ў ВНУ ў Польшчы.

Артур:
Трэба зайсьці на сайт консульства, там рэгіструешся, выбіраеш дату сярод тых, што ёсьць свабодныя, прыходзіш да консула, размаўляеш зь ім, а потым празь нейкі час астрымліваеш візу. Тэрміны не заўсёды ёсьць. Вельмі рэдка здараецца, што трапіш на свабодны дзень. Каб было хутчэй, трэба без рэгістрацыі ісьці да консула і зь ім размаўляць. І кажаш, напрыклад: "Я студэнт, не магу зарэгістравацца, а мне трэба ехаць з дакумэнтамі ў ВНУ". Консул сам цябе рэгіструе і кажа, калі прыехаць забраць пашпарт зь візаю.

Тым, у каго ёсьць "Карта паляка" й каму больш за 35 гадоў, апошнім часам стала лягчэй атрымаць візу, бо ім непатрэбная рэгістрацыя. Трэба толькі запоўніць анкету на сайце, кажа Марына з Горадні.

Марына: Дастаткова запоўніць анкету. А тым, каму няма 35-і, то трэба сядзець усе выходныя і ўсё роўна зарэгістравацца самому нерэальна. Трэба шукаць праграмістаў, хакераў. Мы ім плацілі $100, але хто як дамовіцца. Цяпер, кажуць, яшчэ даражэй. Сытуацыя вельмі-вельмі складаная. Я ў інтэрнэце на мясцовых форумах чытала, што бывае, паяўляюцца два польскія сайты. Звычайна ж ёсьць адзін адрас IP - заходзіш і рэгіструешся. А адзін праграміст пісаў, што ён зайшоў празь нейкую сыстэму і ўбачыў, што існуюць два польскія сайты. Адзін заблякаваны, на які ўсе заходзяць і ня могуць зарэгістравацца, а ёсьць другі. Калі нехта ведае, як туды зайсьці, то можа нармальна запоўніць анкету й зарэгістравацца. Нехта зарабляе на гэтым вялізныя грошы. Адныя кажуць, што хакеры, а іншыя кажуць, што дапамагае ў гэтым консульства. Падказваюць, калі будзе "адчынена вакенца", калі заходзіць, каб былі свабодныя месцы. Прынята, што іх выстаўляюць у суботу, але бывае, што даюць і ў нядзелю, нават уначы, або сярод тыдня ўначы. Але трэба ж ведаць, калі дадуць свабодныя тэрміны на сайт. Адкуль людзі ведаюць? Відаць, нехта атрымлівае канкрэтную інфармацыю, заходзіць, рэгіструецца. Зразумела, што не бясплатна.

Такім чынам, у консультва па візу трэба прыйсьці ў вызначаны час. Каб атрымаць такі тэрмін, трэба зарэгістраваць сваю анкету на сайце консульства. У гэтым дапамагаюць хакеры, кажа Артур.

Артур: Хакеры блякуюць сайт і самі рэгіструюцца на левыя прозьвішчы, а потым прадаюць чаргу на візу. За вельмі вялікія сумы. Большасьць людзей робіць візы не па тое, каб праведаць радню, бабулю, дзядулю, а каб зарабляць грошы. Каб паехаць у Кузьніцу, правезьці цыгарэты, а назад прывезьці якія-небудзь рэчы: ноўтбук, фотаапарат.

Чарговая праблема - з выездам усёй сям'ёй у Польшчу, бо дзецям таксама патрэбныя візы. У чым рэч, тлумачыць Марына.

Марына: Каму больш за 35, можа свабодна зарэгістравацца на візу. Нашыя дзеці атрымліваюць візы на падставе нашай "Карты паляка", але ім патрэбная рэгістрацыя! Цяпер сыну 17 гадоў. Да паўнагадовасьці я магу на год зрабіць яму візу, але я не магу яго зарэгістраваць. Трэба кагосьці шукаць, плаціць $150-200, каб зарэгістравалі ягоны пашпарт. Чаму мы павінны плаціць хакеру? Каб ён запоўніў за нас анкету?

Польскія дыпляматы, якія працуюць у Беларусі, кажуць, што выйсьцем з сытуацыі было б адкрыцьцё новых консульскіх пляцовак. На гэта, аднак, не пагаджаюцца беларускія ўлады. Беларускі МЗС лічыць, што трэба рацыяналізаваць працу існуючых польскіх консульскіх аддзяленьняў.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт