Logo Polskiego Radia
Print

"Тут мяне зусім не паважаюць, даюць візытку адной рукою, хлопаюць па сьпіне"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.02.2013 14:37
Па прычыне культурных розьніцаў нялёгка прыходзіцца кітайцам у Польшчы.

Пра кітайцаў у Польшчы піша „Dziennik – Gazeta Prawna”. Яны засноўваюць тут фірмы, працуюць на кіраўнічых пасадах у міжнародных канцэрнах. Некаторыя зьвязваюць з Польшчай пляны на бліжайшыя гады, а нават і на ўсё жыцьцё, бо пазнаюць польскіх жанчын і жэняцца з імі. Але на пачатку кітайцам прыходзіцца нялёгка, яны перажываюць шок у сувязі з культурнымі ды іншымі розьніцамі паміж Кітаем і Польшчай. Калі спадар Лі ўпершыню прыехаў ва Ўроцлаў, ён быў у роспачы. Горад павітаў яго марозам, сьнегам і абсалютнай цішынёю на вуліцах. Не было людзей, не было жыцьця. Пазьней не было лепш. Па тэлефоне ён скардзіўся бацьку: “Людзі тут мяне зусім не паважаюць. Даюць мне візытку адной рукой, быццам бы я – ніхто. І пастаянна хочуць да мяне дакранацца, хлопаюць па сьпіне, паціскаюць руку. Я не магу гэта вытрымаць! Дзікая краіна, поўная вульгарных людзей!”.

Цяпер гэтая гісторыя расказваецца як анэкдот. Спадар Лі ўжо не зьбіраецца выязджаць з Польшчы. Яго кампанія разьвіваецца, дапамагае бізнэсмэнам з Польшчы й Кітая лепш разумець адзін аднаго. А ён піша кніжкі, як пачаць бізнэс у Эўропе й не звар’яцець.

Польшча знаходзіцца на 12-ым месцы ў рэйтынгу эўрапейскіх эканомік. Яна не зьяўляецца прыярытэтам для эканамічнага гіганта – Кітая, але таксама нельга сказаць, што яна зусім непрываблівая. Важна тое, што Польшча даволі дынамічна разьвіваецца, мае патэнцыял, гэта адносна вялікая краіна на фоне дзяржаў Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы, адкуль блізка да іншых краін ЭЗ. Для кітайцаў яна зьяўляецца своеасаблівым транзытным вузлом, з якога можна свабодна праехаць у кожную кропку ЭЗ. Бязь візаў, бяз мыта, і маючы значок “Made іn EU” замест „Made In China” на сваіх таварах.

Dziennik – Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт