Logo Polskiego Radia
Print

Ня будзе пчол - вымруць людзі?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.06.2013 15:39
Лепш, каб мы не правяралі правільнасьць гэтага тэзісу.
Фота: wikipediaФота: wikipedia

Фота:
Фота: wikipedia

Тыднёвае выданьне „Polityka” піша пра выміраньне пчолаў. Людзі неяк не хвалююцца, што пчолы гінуць, хаця ёсьць славутая прымаўка, што пасьля таго, як вымруць пчолы, такі ж лёс чакае людзей. Але лепш, каб мы не правяралі, ці яна правільная.

Толькі ў гэтым сэзоне ў ваколіцы Пшчыны на поўдні Польшчы загінула 40% усіх пчаліных сем’яў, у іншых пчалаводаў сытуацыя яшчэ горшая.

Нядаўна ў Польшчы жартавалі: як пазнаць у Эўропе бязь межаў, што праехалі празь нямецка-польскую мяжу й цяпер ужо ў Польшчы? Па насякомых на лабавым шкле машыны. Цяпер гэты жарт страчвае актуальнасьць. За заходняй мяжой Польшчы амаль няма насякомых, такая ж сытуацыя неўзабаве будзе й тут. Цяпер, парадаксальна, лепш гадаваць пчолы ў гарадах, чым на вёсцы. Пчолам шкодзяць хімікаліі, якімі апрацоўваюць расьліны, напрыклад, палі рапсу, які любяць пчолы. У выніку насякомыя трацяць арыентацыю, ня могуць лятаць і гінуць.

Пчалаводы з краінаў Эўрапейскага Зьвязу ўжо здаўна змагаюцца за тое, каб забараніць выкарыстоўваць у сельскай гаспадарцы нэанікатыноіды, якія забіваюць насякомых. Але супраць выступае магутнае лёбі вытворцаў пэстыцыдаў, якія пераконвалі, што гэтыя сродкі ня шкодзяць пчолам. Урэшце, 15 красавіка бальшыня краінаў ЭЗ падтрымала прапанову Эўрапейскай камісіі, каб на два гады вывесьці з абарачэньня тры субстанцыі з групы нэанікатыноідаў. Адмыслоўцы прызналі, што яны забіваюць пчолаў. Але далей можна карыстацца чатырмя іншыя сродкамі.

Навукоўцы мяркуюць, што прысутнасьць пчолаў непадалёк ад поля павялічвае ўраджай на 20-30%. Калі бы насякомыя, якія апыляюць расьліны, перасталі працаваць толькі на адной трэцяй палей, то ўраджайнасьць упала бы на тры чацьвёртыя.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт