Logo Polskiego Radia
Print

Пагадненьне ў абарону банглядэскіх швачак

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 26.09.2013 15:18
GW піша сёньня пра швачак з Банглядэшу. Яны па-ранейшаму працуюць ва ўмовах, якія пагражаюць іх жыцьцю.

/

Нічога не зьмянілася ад часу катастрофы ў будынку Рана Пляза на прадмесьцяx Дакі, у якой загінулі больш за тысячу чалавек. Сусьветныя канцэрны хацелі б палепшыць умовы працы ў Банглядэшы, але сярод іх няма буйной польскай фірмы LPP.

Ужо некалькі дзён паліцыя разганяе сьлезаточным газам і дубінкамі страйкуючых у Дака. Да гэтай пары пратэсты не далі вынікаў. Не палепшаліся ўмовы працы і не павысіліся заробкі, а ўлады бязьлітасна падаўляюць страйкі.

У траўні 70 тэкстыльных фірмаў падпісалі пагадненьне на пяць гадоў. Яны стварылі фонд, які будзе плаціць інспэктарам працы за праверкі на швэйных фабрыках у Банглядэшы. Але ёсьць фірмы, якія не ідуць на супрацоўніцтва з мэтай паляпшэньня ўмоў працы швачак або выплаты кампэнсацый сем’ям ахвяр катастрофы ў Рана Пляза. Сярод іх між іншым, банглядэская фірма Liberty Fashion, аўстралійскі Woolworth і LPP.

LPP — гэта найбуйнейшая польская кампанія па вытворчасьці адзеньня. Яна прадае вопратку пад такімі брэндамі як Reserved, House, Promostars i Mohito. Суполка лічыць, што трагедыя ў Рана Пляза — гэта не яе праблема і не зьбіраецца браць на сябе адказнасьць. Намесьнік дырэктара LPP Дар’юш Пахля зазначае: „Мы не вінаватыя ў трагедыі ў Дака. У нас няма ўласных заводаў, мы замаўляем вытворчасьць у іншых фірмаў і ня маем уплыву на тое, дзе шыюць нашую вопратку. Наш агент, які зрабіў замову на заводзе Рана Пляза запэўніваў, што там добрыя ўмовы працы”.

Дар’юш Пахля не выключае, што фірма ўрэшце рэшт далучыцца да пагадненьня сусьветных канцэрнаў на карысьць банглядэскіх швачак.

GW нагадвае, што Банглядэш — гэта другі ў сьвеце пасьля Кітаю экспартэр вопраткі. 25% насельніцтва гэтай 150–мільённай краіны жыве ў галечы – за 2 даляры на дзень.

яс/Gazeta Wyborcza

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт