Logo Polskiego Radia
Print

Падае аўтарытэт польскага бацькі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 05.12.2013 14:55
Палякі свае блізкія стасункі абмяжоўваюць да сям’і. Але бацька карыстаецца невялікім аўтарытэтам.

Палякі закрытыя на новыя знаёмствы. Амаль палова зь іх цягам трох апошніх гадоў не сустрэла асобы, якая магла б стаць блізкім сябрам. Апрача таго, бацькі становяцца менш важнымі ў гэтых адносінах, а сэксам палякі займаюцца бяз блізкасьці з партнэрам. Гэта высновы апытаньня, праведзенага агенцтвам „TNS Polska” на тэму блізкіх стасункаў палякаў. Вынікі апытаньня прыводзіць выданьне „Gazeta Wyborcza”.

Дасьледаваньне паказвае, што ў палякаў ёсьць, у сярэднім, па шэсьць блізкіх асобаў. Гэта галоўным чынам сямейнікі й сябры. Самую моцную сувязь палякі адчуваюць з сужонкам або жыцьцёвым партнэрам (65%), зь дзецьмі (51%), з маці (35%), братамі й сёстрамі (36%). Толькі 16% апытаных назвалі блізкай асобай бацьку.

У Польшчы важныя тэмы абмяркоўваюцца ў асноўным з мужам, жонкай, партнэрам (62%), зь дзецьмі (32%), з маці (27%) ды братамі й сёстрамі (24%). Зноў жа, толькі 10% рэспандэнтаў назвала партнэрам для важных гутарак бацьку.

„Найлепшымі сябрамі палякі лічаць блізкую сям'ю. Аналягічныя вынікі далі апытаньні, праведзеныя ў 1999 годзе. Тады 8% рэспандэнтаў заяўлялі, што ня маюць сябароў. Цяпер такім чынам кажа толькі 2%,”- тлумачыць Уршуля Красоўска з „TNS Polska”.

Калі апытаныя маюць „дрэнны дзень”, яны шукаюць падтрымкі ў мужа, жонкі, партнэраў і сяброў. У складаных сытуацыях, калі хварэюць або маюць фінансавыя праблемы, яны разьлічваюць толькі на дапамогу тых, зь кім іх спалучаюць сямейныя сувязі (82% і 77%).

Блізкасьць – гэта, паводле палякаў, давер (81%), падтрымка ў складанай сытуацыі (66%), разуменьне (59%). Сэкс зь блізкасьцю атаесамлівае толькі 7% рэспандэнтаў.

„Гэта адмоўна сьведчыць пра эратычнае жыцьцё палякаў. Яны жывуць пад настолькі вялікім узьдзеяньнем стрэсу, што займаюцца сэксам выключна, каб ліквідаваць псыхічнае напружаньне, а не будаваць блізкія адносіны”, - лічыць прафэсар Крыстына Скаржынска, псыхоляг з ПАН.

Недавер і асьцярожнае стаўленьне да новых знаёмстваў адрозьніваюць грамадзянаў Польшчы ад большасьці эўрапейскіх грамадзтваў.
Ажно 62% рэспандэнтаў заяўляюць, што мусяць ведаць кагосьці досыць доўга, каб наладзіць зь ім больш цесныя адносіны.

Толькі для 1% рэспандэнтаў важныя сябры з Фэйсбука. Таксама няшмат апытаных размаўляе зь імі пра важныя справы, - чытаем у выданьні „Gazeta Wyborcza”.

aз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт