Logo Polskiego Radia
Print

Сьмецьце – гэта бізнэс, а не праблема

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 13.12.2013 12:12
  • 13.12.13.mp3
Гаспадараньне сьмецьцем можа быць вельмі выгадным.


Гаспадараньне сьмецьцем – гэта ў Польшчы новая галіна, якой патрэбны кваліфікаваны пэрсанал і перадавыя тэхналягічныя рашэньні, якія дапамогуць як мага хутчэй скараціць адлегласць да эўрапейскіх стандартаў у галіне збору, сартаваньня і ўтылізацыі смецьця. Сёньня спэцыяліст па сартаваньні адходаў працуе на сучаснай кампутарнай тэхніцы.


Як зарабляць на сьмецьці – у Радаме вучаць францускія адмыслоўцы, якія даюць беспрацоўным палякам новую прафэсію. Прадпрымемствы шукаюць кваліфікаваных працаўнікоў, а Эўрапейскі Зьвяз дае грошы на іх абвучэньне.

Праект „Green Job” рэалізуецца Цэнтрам павышэньня прафэсійных кваліфікацый, Інстытутам устойлівых тэхналёгій у Радаме і раённай біржай працы. У выніку праграмы беспрацоўныя маладыя людзі будуць абвучаныя новай прафэсіі, якую сёньня можна лічыць прафэсіяй будучыні. Пасьля таго, як паўгоду таму ў Польшчы быў уведзены абавязак саратаваньня сьмецьця, на прадпрыемствах па атрыманьні і перапрацоўцы другаснай сыравіны, у муніцыпалітэтаx і іншых установах патрэбныя прафэсіяналы з новымі кампэтэнцыямі.

У межах інавацыйнага праекту „Green Job” эколягі і навукоўцы вучаць таксама прадстаўнікоў мясцовага самакіраваньня, як разумна гаспадарыць адходамі, як выкарыстоўваць тое, што нам падаецца непатрэбным. Тое, што ў многіх краінах Заходняй Эўропы лічыцца невычэрпнай крыніцай прыбытку, у Польшчы дагэтуль было непапулярнай, а нават сарамлівай тэмай. Між тым амаль усе можна перапрацаваць і выкарыстаць паўторна.

Тэмай варта цікавіцца і варта паглыбляць свае веды ў гэтай галіне, бо ўсё гэта бізнэс, усё гэта грошы, пераконвае лідар праекту, намесьнік дырэктара Цэнтру павышэньня прафэсійных кваліфікацый у Радаме Кшыштаф Ліноўскі.

К. Ліноўскі: Мы стараемся не карыстацца словам „сьмецьце”, бо ў нас зь ім дрэнныя асацыяцыі, але так, на гэтым можна рабіць грошы. Зьвярніце ўвагу, што ПЭТ-бутэлькі, вечкі да іх можна зноў выкарыстоўваць. Зь іх вырабляецца фліс – швэдры, вопратка. Усё гэта грошы.

Прадпрымальнік Зьбігнеў Капціньскі ў межах праекту меў магчымасьць убачыць, як выглядае гаспадараньне адходамі ў Францыі.

З. Капціньскі: Мы прывезьлі ручкі, у ста адсотках выкананыя з другаснай сыравіны – з бутэлек пасьля мінэральнай вады, уключаючы туш. Я паказваў гэтую ручку многім сваім калегам у многіх установах.


Спадар Капціньскі спадзяецца, што францускія мэтады і мадэлі гаспадараньня сьмецьцем у бліжэйшы час удасца ўкараніць у Польшчы.

З. Капціньскі: Францыя зьяўляецца перадавіком асабліва ў галіне перапрацоўкі плястыкавых матэрыялаў. Мы, палякі, пакуль што ня надта верым, што і ў нас гэта магчыма. Калі гэты напрамак мы здолеем перанесьці ў Польшчу, існуюць вялікія шанцы, што нам удасца дагнаць Францыю цягам бліжэйшых некалькіх гадоў.

Кшыштаф Ліноўскі з Радаму зазначае, што палякам неабходна працаваць над зьменамі ў падыходзе да гаспадараньня адпадкамі.

К. Ліноўскі: Нам, у нашай сьвядомасьці, мэнталітэце, трэба пераарыентавацца ў падыходзе. У нашым сёньняшнім перакананні сьмецьце – гэта нікому непатрэбныя адпадкі, якія наадварот толькі замінаюць, перашкаджаюць, сьмярдзяць. А сьмецьце – гэта тавар, гэта прамысловасьць, гэта бізнэс, гэта заробак, крыніца даходу.

Праект „Green Job” фінансуецца са сродкаў Эўрапейскага Зьвязу.

У іншых польскіх гарадах таксама рэалізуюцца розныя экалягічныя праекты за эўрапейскія грошы. Кракаў нядаўна выйграў грант на будову сучаснага цэнтру для спальваньня адходаў, які з 2015 года зможа прымаць 220 тыс. тон сьмецьця, непрыдатнага для выкарыстаньня ў якасьці другаснай сыравіны. Тут сьмецьце стане энэргіяй.

Побач з тым, у Кракаве ўжо працуе прадпрыемства, куды трапляюць адпадкі пасьля сартаваньня, зь якіх была вылучаная ўся другасная сыравіна, а з працэсу згараньня атрымліваюць альтэрнатыўнае паліва.

Варта адзначыць, што кошт другаснай сыравіны ў Польшчы апошнім часам значна павысіўся і яна без асаблівых праблем знаxодзіць пакупнікоў.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт