Logo Polskiego Radia
Print

«Доктар Хаўз» дапамог паставіць дыягназ

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 08.02.2014 07:17
«Доктар Хаўз» дапамог нямецкаму доктару паставіць правільны дыягназ.


Нямецкаму доктару — прыхільніку тэлесэрыялу «Доктар Хаўз» — удалося дзякуючы гэтай акалічнасьці хутка паставіць правільны дыягназ пацыенту зь нестандартным наборам сымптомаў. Апісаньне гэтага клінічнага выпадку прафэсар Юрген Шэфэр апублікаваў у часопісе The Lancet.

55-гадовы мужчына ў траўні 2012 года зьвярнуўся ў Цэнтар недыягназаваных захворваньняў пры Марбурскім унівэрсытэце (Нямеччына). Мэдыкі не маглі вызначыць прычыны рэзкага пагаршэньня стану яго здароўя, які пачаўся за год да яго прыезду ў цэнтар. У пацыента назіралася цяжкая сардэчная недастатковасьць і пастаянна падвышаная тэмпэратура цела няяснага паxоджаньня, гіпатэрыёз (нястача ёду і гармонаў шчытападобнай залозы), рэфлюкс-эзафагіт. Апроч таго, пацыент амаль цалкам страціў зрок і слых, а мэдыястынальныя лімфатычныя вузлы і вузлы ў галіне левага сьцягна ў яго былі павялічаныя.

У гісторыі хваробы пацыента значылася толькі перанесеная ў сьнежні 2001 года апэрацыя замены абодвух тазабедраных суставаў на керамічныя пратэзы, прычым у лістападзе 2010 года левы пратэз зламаўся і быў заменены на мэталічны. Гэтая акалічнасьць, а таксама эпізоды тэлесэрыялу «Доктар Хаўз» прывялі Шэфэрa да высновы, што ў дадзеным выпадку гаворка можа ісьці пра атручаньне кобальтам. Прафэсар рэгулярна выкарыстоўвае матэрыялы з «Доктара Хаўза» пры навучаньні студэнтаў і як раз незадоўга да зьяўленьня пацыента, вападак якога апісваецца, навуковец рыхтаваў лекцыю на аснове сэрыі аб атручаньні кобальтам, у якой будучая цёшча Грэгары Хаўза захварэла пасьля ўстаноўкі няякаснага металічнага пратэзу тазасьцегнавага суставу.

Праведзенае радыёграфічнае дасьледаваньне левага тазасьцегнавага суставу паказала прысутнасьць дробных металічных аскепкаў у гэтым раёне. Аналіз крыві паказаў перавышэньне амаль у тысячу разоў нормы па канцэнтрацыі кобальту і амаль сторазовае — па ўтрыманьні хрому. У мачы пацыента нормы па кобальту і хрому таксама былі перавышаныя ў тысячы разоў. Шэфэр выказаў здагадку, што часьцінкі зламанага керамічнага пратэза, якія засталіся ў арганізьме, драпалі мэталічную галоўку новага пратэза, што ў сваюц заргу прыводзіла да паступленьня небясьпечных хімічных элемэнтаў у кровазварот.

Гэтая вэрсія была пацьверджаная пасьля таго, як мэталічны пратэз тэрмінова быў заменены новым керамічным – галоўка старога пратэза аказалася сур'ёзна пашкоджанай. Неўзабаве пасьля апэрацыі па замене пратэза, пасьля дэтаксікацыённай тэрапіі, канцэнтрацыі кобальту і хрому ў крыві пацыента зьнізіліся, стан яго стабілізаваўся і паступова пачаў паляпшацца. У ліпені 2013 года, праз 14 месяцаў пасьля выдаленьня металічнага пратэза, сардэчная функцыя пацыента палепшылася на 40 адсоткаў, тэмпература цела вярнулася ў норму, сымптомы рэфлюкс-эзафагіта зьніклі. Аднак зрок і слых пацыента аднавіліся толькі часткова.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт