Logo Polskiego Radia
Print

Навукоўцы пра дэмэнцыю

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 10.04.2014 19:23
  • 10.04.14.mp3
Дэмэнцыя (набытая аслабленая разумовая здольнасьць) - гэта сымптом, які суправаджае шэраг захворваньняў.
wikipedia.bywikipedia.by


Дэмэнцыя (набытая аслабленая разумовая здольнасьць) - гэта сымптом, які суправаджае шэраг захворваньняў нэрвовай сыстэмы: хваробу Альцгеймэра, хваробу Хантынгтана, хваробу Паркінсана і інш.

Усе яны асабліва часта праяўляюцца ў тых, хто пражыў доўгае жыцьцё. Да прыкладу, кожны трэці амэрыканец сталага ўзросту памірае з хваробай Альцгеймэра або іншай формай дэмэнцыі.

Разумная прафіляктыка здольная захаваць здароўе пажылых людзей, аднак у сувязі з павелічэньнем сярэдняй працягласьці жыцьця лік тых, хто пакутуе ад распаду псыхічных функцый, будзе пастаянна расьці.

Па стане на 2006 год у сьвеце налічвалася 24 мільёны людзей з парушэньнямі працы мазгоў. Аўтары дасьледаваньня, апублікаванага ў часопісе Lancet, падлічылі, што да 2040 года гэты лік дасягне 81 мільёна.

Гэтыя лічбы робяць распаўсюджанасьць набытай разумовай адсталасьці праблемай ня толькі мэдыцынскай, але і эканамічнай. З 2005 па 2009 год сукупны кошт дэмэнцыі павялічыўся на 34% і склаў 422млн. даляраў. У гэтую суму ўвайшлі сродкі, выдаткаваныя на лячэбна-дыягнастычныя мерапрыемствы і дагляд за хворымі.

Нягледзячы на тое, што паняцьце дэмэнцыі трывала асацыюецца зь людзьмі сталага ўзросту, зьніжэньне кагнітыўных функцый можа закрануць і больш маладых людзей (да 65, а часам і да 40 гадоў).

Паводле статыстыкі, у Вялікабрытаніі ў 2003 годзе на 100 тысяч чалавек ва ўзросьце ад 30 да 64 гадоў прыходзіліся 54 асобы з дэмэнцыяй.

У большасьці выпадкаў раньняя дэмэнцыя выклікаецца дэгенэратыўнымі захворваньнямі нэрвовай сыстэмы (асабліва часта хваробай Альцгеймэра). Пачатак дэмэнцыі ў адносна маладым узросьце зьвязваюць з геннымі мутацыямі. Аднак страта разумовых функцый можа наступіць і пасьля чэрапна-мазгавых траўмаў, а таксама ў выніку працяглай алькагольнай інтаксыкацыі.

Дыягнаставаць раньнюю дэмэнцыю, як правіла, цяжка. Многія яе сымптомы (непамятлівасьць, безуважлівасьць, немагчымасьць засяродзіцца) тлумачацца стомленасьцю і хранічным стрэсам. Менавіта таму надзвычай важна пры пагаршэньнi кагнітыўных здольнасьцяў адразу зьвярнуцца да лекара.
***

Чым раней будуць заўважаныя кагнітыўныя парушэньні, тым больш шанцаў запаволіць разьвіцьцё дэмэнцыі. Таму навукоўцы засяроджваюцца на распрацоўцы эфэктыўных мэтадаў выяўленьня хваробы.

Супрацоўнікі Тэхналягічнага ўнівэрсытэту Джорджыі (ЗША) стварылі інструмэнт для хатняга вызначэньня першых прыкмет дэмэнцыі. Сыстэма ClockMe ўяўляе сабой два прыкладаньні. Адна з праграм - гэта тэст (сэрыя заданьняў, якую трэба выканаць на пляншэце). Другая - аналізатар вынікаў тэсту. Тэст запускаецца на прыладзе пацыента, аналізатар - на кампутары ягонага лекара. Дадатак лекара з адлегласьці атрымлівае дадзеныя ад прыкладаньня пацыента, разьбірае іх паводле зададзенага алгарытму, а доктар ацэньвае канчатковы вынік і ставіць дыягназ.

Падобны тэст прадставілі і нэўролягі з Мэдыцынскага цэнтру Вэкснэра пры Ўнівэрсытэце Агаё (ЗША). Праўда, для яго правядзеньня не патрэбныя гаджэты: усё, што неабходна - гэта ручка і аркуш паперы. Так званы SAGE (Self - Administered Gerocognitive Examination ) - гэта звод пытаньняў, на якія трэба адказаць. Распрацоўнікі SAGE ўжо выпрабавалі прадукт на 1047 асобах старэйшых за 50 гадоў і ўпэўненыя, што ён дазваляе праверыць арыентацыю ў часе, вэрбальныя, інтэлектуальныя і зрокава-прасторавыя здольнасьці, а таксама магчымасьці памяці. Неўзабаве тэст павінен зьявіцца і на расейскай мове.

Вызначыць першыя прыкметы дэмэнцыі можна па-іншаму. Здольнасьць людзей распазнаваць знакамітасьцяў напрамую зьвязаная са станам мазгоў. Удзельнікам дасьледаваньня амэрыканскія навукоўцы прапанавалі вызначыць, хто з сусьветна вядомых людзей паказаны на фотаздымках і чым знакаміты. Тыя, хто меў нават нянадта ярка выяўленыя парушэньні кагнітыўнай дзейнасьці, не змаглі прайсьці тэст пасьпяхова. Зыходзячы з гэтага, аўтары дасьледаваньня мяркуюць, што такі просты тэст можна выкарыстоўваць для выяўленьня раньняй дэмэнцыі ў людзей ад 40 да 65 гадоў.

Тэсты для выяўленьня сардэчна-сасудзiстых захворваньняў таксама могуць выкарыстоўвацца для дыягностыкі. Значэньні крывянога ціску, узровень халестэрыну, а таксама наяўнасьць дыябэту і шкодных звычак могуць з пэўнай дакладнасьцю прадказаць, што ў чалавека можа разьвіцца на старасьць дэмэнцыя. Калі рызыка ўзьнікненьня інфаркту або інсульту, вымяраныя па пэўных шкалах, высокая, то высокай будзе і рызыка разьвіцьця дэмэнцыі.

У наступнай нашай перадачы "Навука й тэхніка" мы задумаемся над прычынамі зьяўленьня дэмэнцыі і спосабамі запаволеньня гэтай зьявы, паколькі ў большасьці выпадкаў дэмэнцыі вылечыць немагчыма.

medportal.ru/эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт