Дэпутаты купляюць, што хочуць
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
14.04.2014 11:01
Таксі, гаджэты, намёты - штодзёнка "Rzepospolita" праверыла, што купляюць дэпутаты за дзяржаўныя грошы.
39900 злотых ($13,3 тыс.) выдаў у 2013 годзе былы міністар транспарту Славамір Новак на тэлекамунікацыйныя паслугі. 14 900 злотых (амаль $5 тыс.) патраціла на таксі Крыстына Паўлoвіч з партыі "Права і справядлівасьць". Іншыя дэпутаты зa дзяржаўныя сродкі набылі ўвільгатняльнік, кішэнны праектар і палатку.
Дэпутацкія офісы атрымліваюць з Канцылярыі Сэймы 12150 злотых ($4050) штомесяц, гэта амаль $50 тыс. у год. Да канца студзеня яны павінны былі прадставіць справаздачы аб выдаткаваных сродках за 2013 год.
Многія дэпутаты значныя сумы выдаткоўваюць на зарплаты офісным працаўнікам, а некаторыя не заплацілі людзям ні граша. Надзвычай шчодрым, як аказалася, быў лідар "Права і справядлівасьці" Яраслаў Качыньскі, які на заробную плату для пэрсаналу прызначыў 114300 зл. ($38 тыс.). І супрацьлегласьць яму -- Славамір Новак ("Грамадзянская плятформа"), Патрык Які ("Салідарная Польшча") і Дарота Арцішэўска-Мелеўчык ("Права і справядлівасьць") -- яны карыстаюцца працай студэнтаў, якія хочуць такім чынам здабыць практыку.
Увагу прыцягвае яшчэ адна катэгорыя выдаткаў парлямэнтароў -- кошты паліва для легкавых аўтамабіляў. Тут нормы вельмі лібэральныя, максымальна на паліва можна прызначыць 35100 зл. у год. Многія дасягнулі гэтую суму.
Шмат дэпутаты выдаткавалі на тэлекамунікацыйныя паслугі, якія ўключаюць у сябе, апроч тэлефонных размоў, кошт доступу да сеціва і адміністраваньне вэб-сайту. У прыватнасьці, міністар замежных спраў Радаслаў Сікорскі прызначыў на свой сайт ажно 10900 злотых (больш за $3600).
"Rzepospolita" прыводзіць яшчэ некалькі цікавых прыкладаў дэпутацкіх выдаткаў. Былы кіраўнік Міністэрства фінансаў Яцэк Растоўскі ("Грамадзянская плятформа") купіў, у прыватнасьці, кававарку за 919 злотых ($300), а Агнешка Памаска ("Грамадзянская плятформа") - кішэнны праектар за 885 злотых. Увільгатняльнік паветра для офісу за 699 злотых ($230) набыў дэпутат Адам Гофман. А вось міністар па пытаньнях роўнасьці Агнешка Казлоўска-Раевіч ("Грамадзянская плятформа") нават патлумачыла журналістам, навошта набыла палатку за 855 злотых.
- Гэта звычайны навес, пад якім мы ставілі столік для таго, каб, напрыклад, разваваць друкаваную інфармацыю аб арганізаваным мерапрыемстве.
Гэтыя ды іншыя прыклады пакупак парлямэнтароў, карыстаючыся прынцыпам празрыстасьці дзяржаўных выдаткаў, прыводзіць сёньня газэта "Rzepospolita".
эб/rp.pl