Запрашаем у Польшчу: Тэрэспаль (ФОТА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
25.04.2014 19:29
У горадзе некалі выраблялі вядомыя ва ўсёй краіне салёныя тэрэспальскія агуркі, гісторыя якіх сягае даваеннага часу.
Сёньня, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” распавядзем пра мясцовасьць, якую ведае большасьць беларусаў. Гэта гарадок Тэрэспаль, разьмешчаны на беларуска-польскай мяжы, а насупраць праз раку Заходні Буг – горад Берасьце. Тэрэспаль – гэта важны камунікацыйны шлях з захаду на ўсход: тут разьмешчаны чыгуначны пераход, празь які праходзіць большасьць цягнікоў маскоўскага накірунку, а таксама аўтапераход “Варшаўскі мост”.
Адміністрацыйна Тэрэспаль уваходзіць у Люблінскага ваяводзтва. У гарадку пражывае каля 6 тыс. чалавек.
З другой паловы XIII стагодзьдзя на месцы горада было сельскае паселішча Блоткуў (Błotków). Гісторыя паселішча зьвязаная з імёнамі родаў Флемінгаў, Слушак і Чартарыскіх. Кашталян віленскі й польны гетман літоўскі Юзаф Багуслаў Слушка ў 1697 годзе заснаваў на гэтым жа месцы горад і назваў яго “Тэрэспаль” у гонар сваёй жонкі Тэрэзы. У XVIII стагодзьдзі Тэрэспаль быў адным з найбуйнейшых уладаньняў Чартарыскіх.
Вакол Тэрэспаля – ваенныя ўмацаваньні з царскіх часоў, а таксама балоты. Падчас праектаваньня Берасьцейскай крэпасьці цэнтар Тэрэспаля перасунулі на дзьве вярсты на захад, а цэнтар Берасьця – на дзьве вярсты на ўсход.
На дадзены момант прамысловасьці ў горадзе няма, а насельніцтва жыве ў вялікай ступені дзякуючы мяжы. У 1990-я гады збанкрутавала апошняе прадпрыемства – агароднінна-кансэрвавы завод, на якім, дарэчы, выраблялі вядомыя ва ўсёй краіне салёныя тэрэспальскія агуркі, гісторыя якіх сягае даваеннага часу. Дарэчы, засолка агуркоў адбывалася даволі арыгінальным чынам: драўляныя бочкі напаўнялі агуркамі, сольлю, прыправамі, залівалі вадой, бочкі закупорвалі ды тапілі ў рацэ Заходні Буг. Там агуркі саліліся ў пастаяннай тэмпэратуры дзякуючы халоднай рачной вадзе. Пасьля бочкі даставалі, а агуркі фасавалі па слоіках ды бляшанках ды накіроўвалі ў гандлёвую сетку.
У Тэрэспалі два храмы: касьцёл Сьвятой Тройцы з 1863 года ды праваслаўная царква сьвятога Апостала Іаана Тэоляга з XVIII стагодзьдзя. Акрамя таго, у гарадку ёсьць жалезны абэліск, пастаўлены ў 1823 годзе ў памяць аб будаўніцтве дарогі Варшава-Седльцэ-Берасьце. А на мясцовых могілках знаходзіцца праваслаўная драўляная капліца, пабудаваная ў 1892 годзе. І, як узгадвалася, вакол Тэрэспаля захаваліся ваенныя ўмацаваньні царскай арміі.
вс
foto: wikipedia
foto: wikipedia
foto: wikipedia
foto: wikipedia
foto: wikipedia