Logo Polskiego Radia
Print

Менск прыме фінал Кубку сьвету па пяцібор'і

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 17.06.2014 16:35
Менск прыме фінал Кубку сьвету па сучасным пяцібор'і ў 2015 годзе.
sport28.ru


У чэрвені 2015 году ў Менску пройдзе фінал Кубку сьвету па сучасным пяцібор'і, паведаміў старшыня Беларускай фэдэрацыі сучаснага пяцібор'я (БФСП), дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Іванчанка.

«Мы яшчэ знаходзімся пад уражаньнем ад чэмпіянату сьвету па хакеі, які стаў яркай падзеяй у жыцьці нашай краіны, але зьявілася новая мэта – правесьці на высокім узроўні чэмпіянат Эўропы сярод юніёраў па сучасным пяцібор'і, - сказаў Мікалай Іванчанка. - Нашая фэдэрацыя пасьлядоўна праводзіць курс на пашырэньне прысутнасьці беларускага пяцібор'я, беларускага спорту ў сьвеце. Наступным важным міжнародным этапам будзе прыём нашай краінай фіналу Кубку сьвету сярод дарослых атлетаў у чэрвені наступнага году».

Гаворачы аб фінальных спаборніцтвах Кубку сьвету 2015 года, генэральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК) Георгій Катулін падкрэсьліў, што, правёўшы іх, Беларусь унясе вялікі ўклад у разьвіцьцё і папулярызацыю віду спорту, які ўваходзіць у праграму летняй Алімпіяды, маючы ў ім добрыя традыцыі. На думку прадстаўніка НАК, падчас чэмпіянату Эўропы сярод юніёраў можна закласьці яшчэ больш трывалую аснову супрацоўніцтва паміж беларускім бокам і міжнароднымі структурамі, што адказваюць за разьвіцьцё сучаснага пяцібор'я ня толькі ў Эўропе, але і ва ўсім сьвеце.

Год таму Беларусь упершыню прымала чэмпіянат Эўропы па сучасным пяцібор'і (трохбор'і) сярод юнакоў і дзяўчат групы А. Ён праходзіў на базе САК «Алімпійскі» ў Менску. З 17 па 23 чэрвеня ў беларускай сталіцы пад эгідай Міжнароднага саюзу сучаснага пяцібор'я (UIPM) і Эўрапейскай канфэдэрацыі сучаснага пяцібор'я (ECMP) праходзіць чэмпіянат Эўропы-2014 сярод юніёраў. Што датычыцца фіналаў Кубку сьвету ў спартоўцаў элітнай групы, то такія старты раз у год праводзяцца ў розных кутках плянэты. Сёлета кубкавы фінал прымала амэрыканская Сарасота. Летась элітныя пяціборцы зьбіраліся ў расейскім Ніжнім Ноўгарадзе.



БелТА/ эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт