Мы іх любім і расьпешчваем, пакуль ня трэба ехаць летам на адпачынак. Тады яны становяцца праблемай. І гэтая праблема паяўляецца рэгулярна кожны год. Гаворка ідзе, зразумела, пра хатніх жывёлаў.
Абаронцы хатніх жывёлаў кожны год заклікаюць людзей загадзя падумаць, што зрабіць з катом ці сабакам, калі гаспадары зьбіраюцца выяжджаць на летні адпачынак. Але не на ўсіх такія заклікі дзейнічаюць. Як кожны год, на пачатку ліпеня колькасьць сабак і катоў, выкінутых з дамоў, рэзка расьце. Летам прытулкі для жывёлаў перажываюць наезд уладальнікаў, якія хацелі б аддаць свайго любімца. Але гэта яшчэ ня самы дрэнны выпадак. Некаторыя проста выкідваюць сабакаў з машын або прывязваюць у лесе. Гаворыць Марэк Альшэўскі з прытулку для жывёлаў у Хожаве.
М. Альшэўскі: Былі такія выпадкі, што да нас хтосьці падкідваў сабаку. Мы яго бралі да сябе, а празь некалькі тыдняў аказвалася, што знайшоўся яго ўладальнік. Зразумела, ніхто не прызнаецца, што спэцыяльна выпусьціў сабаку, каб спакойна паехаць у водпуск. Толькі кажа, што зьвер згубіўся, а празь нейкі час цудоўным чынам знайшоўся.
Старшыня Таварыства апекі над жывёламі Ядвіга Адамчык нагадвае, што існуе магчымасьць аддаць свайго пітомца ў новую сям’ю. І гэта найлепшы варыянт.
Я. Адамчык: Я хачу заклікаць усіх вас – не выкідвайце зьвяроў. Гэтыя жывёлы таксама адчуваюць боль, пакуты, яны сумуюць па вас. Жывёлы не разумеюць, чаму іх толькі што гладзілі, любілі, і раптоўна выкідваюць з дому. Калі вы ня хочаце далей трымаць сабаку, ката, мы дапаможам знайсьці яму новы дом.
Аматары жывёлаў выкарыстоўваюць новыя віртуальныя магчымасьці, каб шукаць новыя дамы для кінутых зьвяроў. Іх здымкі паяўляюцца ў сацыяльных сетках – адзначае кіраўнік прытулку для жывёлаў Станіслава Псонка.
С. Псонка: Трэба сказаць, што дзякуючы Фэйсбуку шмат жывёлаў знаходзіць новых уладальнікаў. Мы правяраем, у якіх умовах утрымліваюцца гэтыя зьверы. Часьцей за ўсё аказваецца, што яны знайшлі цудоўны новы дом.
Польскія законы прадбачваюць пакараньне чалавека, які пазбавіў жывёлу апекі, выкідваючы яе з дому. Таму трэба вельмі адказна падыходзіць да рашэньня ўзяць дахаты новага жыхара – сабаку, ката або іншую жывёлу.
Палякі скардзяцца, што з надыходам лета у прытулкі для жывёлы трапляе шмат хатніх пітомцаў, а як сытуацыя выглядае ў Беларусі? Напэўна ня лепш, а нават горш. Там па вуліцах бадзяецца нямала бяздомных жывёлаў цэлы год, ня толькі летам. Але знаходзяцца людзі, якім не абыякавы лёс жывёлаў. Адзін з іх – Аляксандар Міцура, які на дабраахвотнай аснове дапамагае бяздомным жывёлам.
А. Міцура: Калі я выходжу з дома, іду на працу, я не хачу сутыкацца з такімі праблемамі, як бяздомныя жывёлы. Калі я бачу гэтых няшчасных, я прыходжу зь вялікім нэгатывам на працу. Я хачу жыць спакойна. І дзеля гэтага вырашыў самастойна спрабаваць нешта зьмяніць. Ня толькі я адзін. Ёсьць іншыя людзі, іх мала, але яны ёсьць.
На думку Міцуры, такіх людзей, як ён, толькі адзінкі. Агулам беларускае грамадзтва не цікавіцца праблемамі бяздомных жывёлаў. І гэта трэба зьмяняць комплексна, пачынаючы зь дзіцячых садкоў. Але патрэбнае заангажаваньне дзяржавы.
А. Міцура: Грамадзтва не разумее такіх людзей. Гэта мэнталітэт – кожны сам за сябе. Адзінае, што магло б зьмяніць сытуацыю – калі б дзяржава гэтым занялася. Падрыхтаваць грамадзтва, навучыць яго. Самі людзі да гэтага не прыйдуць. Павінны быць жорсткія законы, трэба пачынаць праграмы яшчэ ў дзіцячых садках, школах. Гэтага няма.
Кажуць, што гуманізм грамадзтва вызначаецца падыходам да дзяцей, хворых і жывёлаў, да тых, хто слабейшы і ня можа пастаяць за сябе. Калі гэта так, то нашы грамадзтвы яшчэ не дасьпелі да таго, каб назваць іх глыбока гуманнымі.
нг