Logo Polskiego Radia
Print

Завяршаецца кальцаваньне маладых буслоў

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 26.06.2015 09:00
  • Завяршаецца кальцаваньне маладых буслоў.mp3
Заплянавана кальцаваньне тысячы бусьлянят. Аднак спэцыялісты сумняюцца, што знойдуць столькі птушанят.

Завяршаецца міжнародная акцыя кальцаваньня маладых буслоў. Кальцаваньне дае арнітолягам шмат каштоўнай інфармацыі. Дзякуючы гэтаму можна даведацца пра галоўную прычыну сьмерці птушак падчас пералёту ў цёплыя краіны. Пасьля некалькіх месяцаў ад завяршэньня акцыі прыходзіць зваротная інфармацыя пра кальцаваных буслоў з Чаду ці Замбіі, што значна ўзбагачае веды пра гатунак.

Дзякуючы кальцаваньню становяцца вядомымі месцы, дзе буслы кормяцца, якія варта ахоўваць, трасы пералётаў, найбольш небясьпечныя для птушак месцы. Дзякуючы кальцаваньню стала вядома, што ў Польшчы больш 60% маладых буслоў памірае ад удару токам ці ад удараў у цеплатрасы й слупы.

У рамках акцыі ў Польшчы заплянавана кальцаваць 1000 маладых буслоў.

Ірэнэвуш Калуга з Экалягічнай групы расказаў Польскаму радыё, што сама акцыя праходзіць пасьпяхова, хоць сёлета маладых буслоў значна менш, чым звычайна.

І. Калуга: Большасьць гнёздаў птушкамі занятая, але няма птушанят. Там, дзе яны ёсьць, то пераважна па аднаму. Толькі два разы мы сустрэлі трох бусьлянят. Мы паступова трацім надзею, што ўдасца знайсьці тысячу птушанят для кальцаваньня, бо год вельмі непасьпяховы. Але мы ўсё ж цешымся, бо да акцыі таксама далучыліся міжнародныя госьці – ёсьць лібанцы, беларусы, гішпанцы. Гэта патрэбная й цікавая праца. Мы апісваем кольцы, прычапляем іх.

«Кожны малады бусел здымаецца з гнязда. Падчас кальцаваньня яго дакладна апісваюць, пасьля чаго птушаня вяртаецца на месца», – тлумачыць удзельніца акцыі Эвэліна Дзенішэўска.

Э. Дзенішэўска: У інфармацыі пра кожнага бусла запісваецца нумар кальца, даўжыня дзюба, па якой можна вызначыць яго ўзрост, а таксама вага. Запісваюцца таксама каардынаты, то бок дадзеныя, якія потым дапамогуць нам знайсьці гэтае гняздо. Запісваецца што гэта за від слупа, дзе ён знаходзіцца, назву мясцовасьці.

Акцыя завершыцца праз некалькі дзён.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт