Logo Polskiego Radia
Print

Кроў ратуе жыцьцё іншым

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.08.2015 09:00
Навукоўцам не ўдалося яшчэ знайсьці субстанцыю, якая поўнасьцю магла б замяніць натуральную кроў.
odkrywcy.pl

Як кожны год летам, сёлета таксама лекары ў Польшчы заклікаюць здаровых людзей ісьці ў пункты здачы крыві і станавіцца донарамі. Летам крыві катастрафічна не хапае, таму што з аднаго боку многія рэгулярныя донары выяжджаюць на адпачынак, а з іншага боку, прыкладна на 20% павялічваецца колькасьць дарожна-транспартных здарэньняў, многім ахвярам неабходнае пераліваньне крыві. Адпаведна, запатрабаванасьць на гэты натуральны прадукт павялічваецца.

Навукоўцы працуюць над стварэньнем штучнай крыві здаўна, але пакуль што нікому не ўдалося знайсьці субстанцыю, якая поўнасьцю магла б замяніць натуральную чалавечую кроў. Адзіная магчымасьць – атрымаць яе ад людзей – донараў. А стаць донарам ня так ужо і проста, паколькі існуе даволі шмат абмежаваньняў у здачы крыві. Акрамя таго, няма камэрцыйнага рынку крыві, таму і няма адпаведна вялікіх стымулаў для яе здачы.

У выніку недахопу крыві ў ліпені ў Польшчы ў некаторых шпіталях прыходзілася адкладваць плянавыя хірургічныя апэрацыі. Пасьля заклікаў дактароў здаваць кроў удалося сабраць невялікі запас крыві, але яе немагчыма доўга захоўваць. Тэрмін захоўваньня складае ня больш за паўтара месяца. Некаторыя навукоўцы нават прапануюць перагледзець гэты стандарт, паколькі ўжо праз тры тыдні якасьць эрытрацытаў значна паніжаецца. І таму трэба пастаянна заклікаць людзей здаваць кроў, – адзначае доктар Яанна Ваявода з Варшаўскага цэнтру донарства і лячэньня крывёй.

Я. Ваявода: Кроў мы захоўваем толькі 42 дні. І калі донары зноў пра нас забудуць, зноў жнівень будзе такі ж, як ліпень, то пад канец жніўня зноў могуць пачацца праблемы з крывёй. Для нас важна, каб штодзённа да нас прыяжджалі донары, каб у нас быў пастаянна запас крыві. Тады мы можам адказваць на патрэбы бальніц, штодзённа выдаваць ім неабходную колькасьць крыві.

Доктар Яанна Ваявода тлумачыць, што часьцей за ўсё назіраецца недахоп крыві групаў з адмоўным рэзус-фактарам, асабліва першай групы з адмоўным рэзусам.

Я. Ваявода: Гэтая група можа ня самая рэдкая, паколькі радзей за ўсё сустракаецца чацьвёртая група зь мінусавым фактарам. Тым ня менш, першая група зь мінусавым рэзус-фактарам вельмі патрэбная, яе можна выкарыстаць у розных абставінах, калі здараюцца сапраўды вельмі нечаканыя выпадкі, калі няма часу правяраць групу крыві і рэзус-фактар у пацыента, неабходна ў экстранным парадку пераліць яму кроў. Тады мы пераліваем кроў першай групы зь мінусавым рэзус-фактарам. У такой крыві няма антыцелаў, яе можна пераліць кожнаму. І таму гэтая кроў самая патрэбная.

Такім чынам лекары больш за ўсё любяць донараў зь першай мінусавай групай крыві, і асабліва тых, хто прыходзіць здаваць кроў рэгулярна. А Міхал Охман здае кроў рэгулярна ўжо дзесяць гадоў, прыходзіць у цэнтар донарства раз у некалькі тыдняў. Агулам ён здаў ужо каля 25 літраў.

М. Охман: Здаю плязму раз у паўтара месяца. Яе можна здаваць раз у месяц, але я ўжо ведаю свой арганізм, і адчуваю, што мне патрэба каля паўтара-двух месяцаў, каб трамбацыты пасьпелі аднавіцца. А навошта я гэта раблю? Таму што люблю памагаць іншым, я прайшоў курс выратавальніка на вадзе. На маю думку, гэта карысная справа, якая памагае іншым.

Кроў у шпіталях выкарыстоўваецца падчас апэрацый, у разе рэзкага крывацёку, а таксама ў працэсе лячэньня шматлікіх хвароб, – гаворыць Яанна Ваявода.

Я. Ваявода: Напрыклад, падчас ракавых захворваньняў вельмі часта назіраецца глыбокая анэмія. Акрамя таго, ёсьць розныя хваробы крыві, хваробы коснага мозгу, хваробы нырак, у выніку якіх назіраецца горшы мэханізм паўставаньня крыві або нішчэньня эрытрацытаў, а таксама хранічная анэмія. Ёсьць пацыенты, якім неабходна шмат разоў на працягу іхняга жыцьця пераліваць кроў, бо інакш яны не маглі б нармальна жыць.

У Польшчы донарам можа стаць здаровы чалавек ва ўзросьце ад 18 да 65 гадоў, вагой ня менш за 50 кіляграмаў. На здачу крыві неабходна прыйсьці пасьля лёгкага абеду, з дакумэнтамі. Кожны донар атрымлівае пасьля здачы крыві рэгенэратыўную ежу – 8 шакалядак. А вось у Беларусі абмежаваньні крыху іншыя – напрыклад, існуе больш жорсткі ўзроставы цэнз (максымальны ўзрост – 60 гадоў), данацыі цэльнай крыві дапускаюцца не часьцей за 5 разоў у год у выпадку мужчын і чатырох разоў для жанчын.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт