Logo Polskiego Radia
Print

40% палякаў старэйшых за 65 г. ня мае ўласных зубоў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.08.2015 11:53
Прафіляктыка карыесу ды іншых хвароб паражніны рота практычна не існуе.

Здароўе зубоў палякаў стала палітычным пытаньнем. Упаўнаважаны па правах дзяцей Марэк Міхаляк паведаміў прэм’ер-міністру Эве Копач, што сярод дзяцей назіраецца эпідэмія карыесу, таму неабходна прыняць комплексныя меры. Адразу паявіліся галасы прадстаўнікоў гарадзкіх уладаў, якія спрабуюць зрабіць нешта самастойна, адмаўляюцца ад іншых праграм прафіляктыкі захворваньняў у карысьць стаматалёгіі, – піша Polityka.

Зубныя лекары хутчэй за іншых прыватызаваліся пасьля 1990 году. І таму чыноўнікі вырашылі, што зубы грамадзян – гэта ўжо не іх праблема. Багатыя людзі шукаюць магчымасьці палепшыць сваю ўсьмешку, плацяць астранамічныя сумы за модныя брэкеты, выбельваньне і выроўніваньне зубоў. Але ў малых населеных пунктах і вёсках зубных лекараў не хапае, паслугі надта дарагія. І таму кожны пяты паляк гаворыць, што ён ня можа сабе дазволіць плаціць стаматолягу з уласнай кішэні, таму да зубнога лекара ня ходзіць. Эфэкты выразна відаць: 91% 15-гадовых дзяцей мае карыес, здаровыя зубы толькі ў 13% шасьцігадовых дзетак. 40% палякаў пасьля 65 году жыцьця ня мае ніводнага ўласнага зуба. І навошта ім хадзіць да зубнога?! Іншая цікавая лічба: 61% палякаў мяркуе, што карыес магчыма прадухіліць толькі ў дзяцінстве.

Прафіляктыка карыесу ды іншых хваробаў паражніны рота практычна не існуе. Праўда, можна лячыцца ў рамках страхоўкі ў Нацыянальнай кампаніі аховы здароўя, але фонд плаціць вельмі ашчадна – напрыклад, лячэньне каранёвых каналаў у дарослых магчымае за грошы фонду толькі ў пярэдніх зубах. Такім чынам за дзяржаўныя грошы сыстэма прадукуе бяззубых інвалідаў.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт