Logo Polskiego Radia
Print

Таямніцы гітлераўскага золата

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 14.09.2015 17:21
Схаваны скарб – гэта 8 тыс. залатых зьліткаў ды 2 тыс. 400 мяшкоў залатых манэтаў.
www.flickr.com

Газэта “Polska The Times” вяртаецца да тэмы гэтак званага “залатога цягніка”, які нібыта схаваны каля польскага горада Валбжых. А дакладней, пэрыядычнае выданьне піша пра скарб, знойдзены амэрыканцамі 10 красавіка 1945 года. Каштоўныя рэчы былі схаваныя гітлераўцамі ў шахце калійнай солі каля горада Мэркэрс, які разьмешчаны на паўночны-ўсход ад Франкфурта. Схаваны скарб – гэта 8 тыс. залатых зьліткаў ды 2 тыс. 400 мяшкоў залатых манэтаў. Агулам – 250 тон золата. Каштоўнасьці паходзілі з запасаў Рэйхсбанку. Акрамя таго, у шахце былі рулоны замежных банкнотаў, нарабаваных у акупаваных Нямеччынай краінах, 2 млрд 700 млн рэйхсмарак, 400 тон твораў мастацтва ды сотні валізаў з залатымі й сярэбранымі вырабамі, біжутэрыяй, парсьцёнкамі ды калье. Гэтыя вырабы былі прыкладам функцыянаваньня жахлівых лягераў сьмерці й пастаўленага на канвеер рабунку іншых народаў.
Пасьля адкрыцьця скарбу амэрыканцы думалі, што зь ім рабіць. Легендарны генэрал Джордж Патан (George Patton) запрапанаваў золата пераплавіць і зрабіць зь яго залатыя мэдалі для амэрыканскіх жаўнераў, якія ваявалі супраць фашыстаў. Аднак гэтак ня здарылася: каштоўныя рэчы былі вернутыя габрэям, якія перажылі Галакост, ды іх сем’ям.
Гітлераўцы рабавалі, каб мець за што весьці вайну. Скарб, знойдзены каля горада Мэркэрс, быў ацэнены спэцыялістамі ў 520 млн тагачасных даляраў. Сёньня гэта 7 млрд даляраў.
Пазьней амэрыканцы адкрылі іншыя, меншыя месцы, дзе гітлераўцы схавалі каштоўныя рэчы. Схаваныя грошы, каштоўныя мэталы ды творы мастацтва мелі служыць для фінансаваньня прафашысцкіх рухаў пасьля вайны. Але, падкрэсьлівае газэта, гэта напэўны ня ўсе скарбы, якія схавалі немцы. І таму інфармацыя пра “залаты цягнік”, які нібыта схаваны ў Польшчы, разагравае атмасфэру і ўяўленьне людзей, паведамляе “Polska The Times”.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт