Logo Polskiego Radia
Print

Папа рымскі зь візытам на Кубе

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 21.09.2015 15:26
Папа рымскі заклікае Кубу пагадзіцца з ЗША й астатняй часткай сьвету.

Папа рымскі Францішак у суботу прыбыў на Кубу, дзе ён правядзе чатыры дні. Затым пантыфік накіруецца ў ЗША, паведамляе выданьне „Polska The Times”.

Як падкрэсьліваюць камэнтатары, візыты ў абедзьвюх краінах маюць гістарычнае й сымбалічнае значэньне – нядаўна Куба й ЗША пасьля 54 гадоў аднавілі дыпляматычныя адносіны. У красавіку прайшла першая за больш чым паўстагодзьдзя сустрэча лідараў абедзьвюх краінаў.

Назіральнікі нагадваюць, што пасярэднікам паміж уладамі абедзьвюх краінаў быў менавіта папа Францішак, які шматразова заклікаў да прымірэньня. А перад сваім вылетам на Кубу выказаў спадзяваньне, што ЗША неадкладна адменяць амэрыканскае эмбарга супраць гэтай краіны.

Папа Францішак зьяўляецца вельмі папулярным сярод каталікоў на Кубе. Аргентынца на вуліцах віталі тысячы людзей. У нядзелю ў імшы, якую пантыфік служыў у Гаване, удзельнічалі некалькі сотняў тысяч кубінцаў, а таксама Фідэль Кастра й прэзыдэнт Аргентыны Крысьціна Фэрнандэс.

Куба рыхтавалася да візыту папы Францішка ўжо даўно. Як паведамляюць СМІ, у Гаване нанава брукавалі вуліцы, мадэрнізавалі сьветлафоры, адрамантавалі найважнейшыя сьвятыні.

Перад Францішкам выспу наведалі два ягоныя папярэднікі: Ян Павел ІІ у 1998 годзе й Бэнэдыкт XVІ у 2012 годзе.

У аўторак пантыфік накіруецца ў ЗША, дзе ён сустрэнецца зь вернікамі, між іншым, у Вашынгтоне, Нью-Ёрку й Філядэльфіі. Заплянаваныя таксама размовы з прэзыдэнтам Баракам Абамам, нагадае выданьне „Polska The Times”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт