Logo Polskiego Radia
Print

Што рабіць зь елкамі пасьля сьвятаў

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 08.01.2016 14:16
  • Што рабіць зь елкамі пасьля сьвятаў.mp3
Выкінуць, спаліць, вывезьці ў заапарк, а можа ў лес?
pixabay.com

Традыцыя вучыць, што елка павінна стаяць дома прынамсі да 6 студзеня (сьвята Трох каралёў), а нават да 2 лютага (сьвята Маці Божай Грамнічнай). Усё ж большасьць палякаў выкідвае елкі менавіта цяпер, пасьля 6 студзеня.

Што зрабіць зь ялінкай пасьля навагодніх сьвятаў? Выкінуць, спаліць, вывезьці ў заапарк, а можа ў лес? Праблема сур’ёзная, паколькі штогод палякі купляюць 6 млн жывых дрэўцаў, якія, як паказвае досьвед, могуць доўга “ўпрыгожваць” сьметніцы.

Сьвяты мінулі й час елак у дамах павольна завяршаецца. Палякі з кожным годам усё больш уважліва ставяцца да праблемы ўтылізацыі навагодніх елак. Звычайна, у мікрараёнах ставяць адмысловыя кантэйнэры для іх збору.

Можна іх, напрыклад, бясплатна аддаць у пункты сэлекцыі камунальных адкідаў – заахвочвае Дарота Галаўска з Новасандэцкага раёну.

Д. Галаўска: Пры гэтым я разумею, што многія маюць праблемы з транспартам, таму такое дрэўца можна паставіць у месцы збору камунальных адкідаў, калі гаворка ідзе пра шматпавярховыя дамы. У прыватным сэктары звычайна елку можна паставіць каля сьметніцы, а камунальныя службы паклапоцяцца аб яе ўтылізацыі.

Апошнімі гадамі ў Польшчы вельмі папулярнымі становяцца елкі ў гаршчках. Тыя, хто купіў такую елку, могуць пасадзіць яе каля дома ці ў лесе – дадае Дарота Галаўска.

Д. Галаўска: Такое дрэўца таксама можна выкарыстаць у іншых мэтах. Напрыклад, абрэзаць галінкі й прыкрыць імі расьліны на зіму. Можна такія галінкі раздрабніць і таксама пасыпаць імі зямлю. Гэта мае эфэкт угнаеньня.

Тыя, хто мае печкі ці катлы, зразумела, могуць такую ялінку спаліць. У Польшчы некаторыя электрацепластанцыі прымаюць такія дрэўцы.

Прадстаўнікі варшаўскіх уладаў кажуць, што можна пакуль пачакаць і не выкідваць елку. Праз тыдзень у Варшаве пачнецца акцыя “Елкі на біямасу”. Ва ўсіх варшаўскіх мікрараёнах адчыніцца мабільны пункт прыёму елак. Дрэўцы будуць перапрацаваныя й зь іх узьнікне экалягічнае паліва, якое будзе абаграваць варшаўскія дамы – тлумачыць прэс-сакратар сталічнай ратушы Барташ Мільчарчык.

Б. Мілчарчык: Сьвяты прайшлі, ялінкі нам больш не патрэбныя, іголкі пачынаюць асыпацца. Дрэўцы можна выкарыстаць для выпуску “зялёнай” энэргіі. Фактычна мы маем біямасу, якой можам абагрэць сотні дамоў. У сувязі з гэтым мы ўжо ня першы раз робім акцыю па зборы елак. Гэтак званы “елкавоз” будзе езьдзіць па ўсіх мікрараёнах сталіцы.

У мінулым сэзоне было сабрана 550 тон біямасы, дзякуючы чаму цягам году можна было абагрэць больш за 160 кватэр.

Некаторыя з заапаркаў таксама прымаюць ялінкі, паколькі частка жывёл імі харчуецца.

Лесьнікі просяць не вывозіць высахшыя елкі назад у лес. Да таго, як дрэўца раскладзецца, яно доўга будзе засьмечваць лес.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт