Logo Polskiego Radia
Print

Аптэка амаль як паліклініка

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 08.02.2016 13:23
А аптэкар стане кімсьці накшталт доктара, які лечыць лёгкія захворваньні.
pixabay.com

Аптэка ня будзе ўжо звычайнай крамай зь лякарствамі, а пунктам, дзе можна атрымаць кансультацыю. А аптэкар стане кімсьці накшталт доктара, які лечыць лёгкія захворваньні. Пра новыя прапановы Міністэрства здароўя піша «Dziennik Gazeta Prawna».

Згодна распараджэньню ведамства здароўя, частка аптэкараў будзе апекавацца пацыентамі. Яны атрымаюць на гэтую мэту сродкі зь дзяржаўнага бюджэту. Напрыклад, фармацэўт зможа праверыць крывяны ціск, узровень глюкозы ў крыві, а таксама дапаможа падабраць лякарствы, якія выдаюць бяз рэцэпту. Новаўвядзеньні прымаюцца з мэтаю зьняць частку абавязкаў зь лекараў, да якіх людзі зьвяртаюцца нават з такімі дробнымі просьбамі, як вымярэньне крывянога ціску.

Аптэкары ўжо шмат гадоў імкнуліся да фармацэўтычнай апекі. Папярэдні ўрад ніколі не сказаў афіцыйна «не», але заўсёды знаходзіў патэнцыйныя пагрозы. Напрыклад, што зрабіць, калі дзейнасьць фармацэўта пашкодзіць пацыенту? Або як захоўваць пэрсанальныя дадзеныя.

Аднак гэтыя праблемы не паўстрымалі новага кіраўніцтва Мінздароўя, якое прадставіла ўжо канкрэтныя прапановы аптэкарам. Тыя ўспрынялі навінку зь вялікім энтузіязмам. Старшыня Зьвязу аптэчных працадаўцаў PharmaNET Марцін Піскорскі адзначае, што падобныя правілы даўно былі ўведзеныя на Захадзе. Зьмены дазволяць павысіць прэстыжнасьць працы фармацэўтаў, якая цяпер зводзіцца практычна да выдачы лекаў і прапанаваньня больш танных сродкаў, чым выпісаў доктар.

Пакуль што невядома, хто дакладна заплаціць за фармацэўтычную апеку. Неафіцыйна вядома, што супраць яе могуць пратэставаць лекары, якія будуць пазбаўленыя часткі працы. Адпаведна, яны могуць атрымаць менш грошай з Нацыянальнага фонду здароўя.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт