Logo Polskiego Radia
Print

Музэй беластоцкай вёскі (ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 26.03.2016 23:04
  • запрашаем.mp3
Усе гістарычныя будынкі маюць арыгінальнае абсталяваньне ды мэблю, што дазваляе акунуцца ў атмасфэру тых гадоў.
Беларуская хата зь вёскі Старая Грыбоўшчына (Беласточчына)Беларуская хата зь вёскі Старая Грыбоўшчына (Беласточчына)commons.wikimedia.org/Gumisza/CC BY-SA 3.0

Сябры! Сёньня ў рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” накіруемся ў бок беларускай мяжы й наведаем Музэй беластоцкай вёскі. Установа культуры, разьмешчаная ля паўночных межаў Беластока, дазваляе падрабязна пазнаёміцца зь мінулым сельскіх мясцовасьцей Беласточчыны, побытам сялян ды памешчыкаў, убачыць архітэктурныя збудаваньні ды гаспадарчыя пабудовы.

Музэй быў заснаваны ў 1982 годзе. У яго былі перавезеныя будынкі й гаспадарчыя аб’екты з розных частак Беласточчыны, што дае поўнае ўяўленьне пра жыцьцё беластоцкага сяла ў мінулым. Аuулам у музэі каля 40 будынкаў.

commons.wikimedia.org/Danvoo/CC
commons.wikimedia.org/Danvoo/CC BY-SA 3.0

У прыватнасьці, гэта два ветракі, якія раней стаялі каля гарадка Саколка што амаль на самай мяжы зь Беларусьсю. Наведвальнікі музэя маюць магчымасьць пазнаёміцца з працай каваля, бо тут ёсьць кузьня з 1914 года, ды ўмовамі жыцьця й працы лесьнікоў: у музэі ёсьць некалькі лесьнічовак, перанесеных з розных рэгіёнаў Беласточчыны.

commons.wikimedia.org/Gumisza/CC
commons.wikimedia.org/Gumisza/CC BY-SA 3.0

Акрамя таго, тут ёсьць беларуская хата зь вёскі Старая Грыбоўшчына каля мястэчка Крынкі. Нагадаю, што частка Беласточчыны – гэта этнічныя беларускія землі, дзе беларусы пражывалі заўсёды, мяняліся толькі дзяржаўныя межы. Дык вось, хата – гэта прадаўгаваты будынак, які падзелены на жылую частку, частку, дзе трымалі сельскагаспадарчы інвэнтар і частку, прызначаную для жывёл. Будынак, нягледзячы на тое, што падзелены сьценамі, мае адзін дах.

commons.wikimedia.org/Danvoo/CC
commons.wikimedia.org/Danvoo/CC BY-SA 3.0

У Музэі беластоцкай вёскі можна таксама пазнаёміцца з умовамі жыцьця памешчыкаў ды дробнай шляхты. І так, гаспадарчыя пабудовы з хатай дробнай шляхты з канца 19-га, пачатку 20-га стагодзьдзяў нічым не адрозьніваюцца ад сялянскіх аб’ектаў, праўда, яны крыху багацейшыя й дабротныя.

Але вось вялікі драўляны памешчыцкі дом, які быў цэнтрам маёнтку, хоць і сьціплы, аднак робіць уражаньне. Аднапавярховы будынак у стылі клясыцызму, узьведзены ў канцы 18-га стагодзьдзя й перабудаваны ў 1818 годзе, крыты гонтам і мае портык з чатырмя калёнамі.

commons.wikimedia.org/Gumisza/CC
commons.wikimedia.org/Gumisza/CC BY-SA 3.0

Некалі ён стаяў у вёсцы Вялікая Бобра (Bobrа Wielkа). Цягам стагодзьдзяў у доме гасьцілі многія славутыя асобы, у прыватнасьці, вядомы польскія піяніст і прэм’ер-міністар Ігнацы Падэрэўскі ды славуты польскі й беларускі майстар мастацкай фатаграфіі Ян Булгак.

Усе будынкі маюць арыгінальнае абсталяваньне ды мэблю, што дазваляе акунуцца ў атмасфэру тых гадоў.

У гаспадарчых будынках сабрана вялікая калекцыя побытавых ды сельскагаспадарчых прыладаў ды тагачаных сродкаў транспарту.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт