Найбольшы польскі фрэгат «Dar Młodzieży» (ФОТА+ВІДЭА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
08.04.2016 18:56
У 1987-88 г.г. ветразьнік зьдзейсьніў кругасьветнае падарожжа вакол мыса Горн.
Segelschiff "Dar Młodzieży"Bild: commons.wikimedia.org/Patrick Wernhardt/CC BY-SA 3.0
Сёньня, паважаныя радыёслухачы, накіруемся на ўзьбярэжжа Балтыкі й наведаем надзвычай цікавы аб’ект. Тыдзень таму мы пабывалі на «Дары Памор’я» («Dar Pomorza») – судне-музэі, якое знаходзіцца ў Гдыні. Яно было пабудаванае ў 1909 годзе. І вось, тыдзень таму я згадваў, што ў жніўні 1982 года «Дар Памор’я» фармальна быў сьпісаны са службы, і ў той жа самы дзень сьцяг карабля быў узьняты на яго пераемніку – ветразьніку «Дар Моладзі» («Dar Młodzieży»), які быў спраектаваны й пабудаваны ў Гданьску. І сёньня пазнаёмімся з гэтым трохмачтавым ветразьнікам (фрэгатам).
www.flickr.com/wogo24220
І так, як толькі што гаварылася, карабель быў пабудаваны ў 1982 годзе на Гданьскай суднаверфі, якая ў той час насіла імя Леніна. Фрэгат пабудавалі на сродкі, сабраныя польскай моладзьдзю пад патранатам партыйнага кіраўніка Гданьска Тадэвуша Фішбаха. «Дар Моладзі» як і некалі быў «Дар Памор’я» зьяўляецца навучальным суднам Гдыньскай марской акадэміі, якая рыхтуе афіцэраў гандлёвага флёту. Порт прыпіскі – горад Гдыня.
www.flickr.com/zeesenboot
У 1983 годзе (варта заўважыць, што вельмі хутка пасьля будаўніцтва) фрэгат атрымаў перамогу на рэгаце ў Японіі, а годам пазьней у канадзкай гонцы Tall Ships ʼRaces.
www.flickr.com/Alexander Baxevanis
У 1987-88 гадах фрэгат пад камандаваньнем капітана Лешэка Віктаровіча зьдзейсьніў кругасьветнае падарожжа вакол мыса Горн. У сваю чаргу ў 1992 годзе «Дар Моладзі» паўтарыў шлях Хрыстафора Калюмба ў 500-ю гадавіну адкрыцьця Амэрыкі.
www.flickr.com/Guillaume Baviere
«Дар Моладзі» ходзіць пад ветразямі, але для падстрахоўкі на караблі ўстаноўлены рухавік. Аўтаномнасьць плаваньня фрэгата складае 45 дзён. Экіпаж – 196 чалавек, у тым ліку 32 матросы, якія служаць на пастаяннай аснове, 4 афіцэры ды 130 курсантаў. Дарэчы, найбольшая траса, якую цягам дня ўдалося фрэгату прайсьці пад ветразямі, складае 264 марскія мілі – гэта каля 490 км.
Карабель «Дар Моладзі» можна сустрэць у порце Гдыні альбо ў іншых марскіх партах сьвету.
Валеры Саўко