Logo Polskiego Radia
Print

Ці трэба баяцца пэстыцыдаў?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.05.2016 13:49
Хімічныя сродкі аховы расьлін заваявалі кепскую славу, людзі іх баяцца.
pixabay.com/Public Domain CC0

У выданьні «Gazeta Wyborcza» інтэрвію з таксыколягам прафэсарам Янам Кшыштафам Людвіцкім. Гутарка вядзецца галоўным чынам пра пэстыцыды, якія заваявалі кепскую славу, людзі іх баяцца.

Дарэмна баяцца, – гаворыць суразмоўца газэты. Гэта неабходны прадукт, таксама, як лякарствы. Няма альтэрнатывы хімічнай ахове расьлін, асабліва сёньня, калі неабходна пракарміць 7 млрд людзей на Зямлі. Пакуль што няма больш эфэктыўных мэтадаў, чым хімія.

Пэстыцыды больш дакладна дасьледуюцца, чым лекі. Досьледы працягваюцца гадамі і каштуюць сотні мільёнаў даляраў. Здараюцца, праўда, выпадкі атручваньняў садавінай, гароднінай або яйкамі, але не заўсёды прычынай зьяўляюцца хімічныя рэчы. Напрыклад, у Даніі некалькі чалавек памерлі, а каля тысячы атруціліся быццам бы польскай малінай. Але аказалася, што прычынай былі не хімічныя рэчывы, а вірус.

Расьце папулярнасьць экалягічнага харчаваньня. Такая садавіна, гародніна пераважна менш прыгожая, чым іншая, і намнога даражэйшая. Ці ёсьць сэнс яе купляць? Прафэсар кажа, што ён бы не купіў. Правільныя мэтады аховы расьлін бясьпечныя і даюць бясьпечнае харчаваньне. «Калі я бачу яблык з плямамі, нарасьцямі на скурцы, то ведаю, што ў мякаці, нават калі я выражу плямку, могуць быць таксычныя рэчывы», – адзначае суразмоўца выданьня «Gazeta Wyborcza».

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт