Logo Polskiego Radia
Print

Штогод у Польшчу прылятае каля 45 тысяч бусьліных пар

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 03.06.2016 11:11
  • бусел.mp3
На гэтым тыдні белы бусел сьвяткаваў свой дзень.
pixabay.com/CC0

На гэтым тыдні ў Польшчы адзначаўся Дзень белага бусла. Птушкі лічацца польскімі, хоць тут праводзяць каля пяці месяцаў – з другой паловы сакавіка да жніўня-пачатку верасьня. Дзень Белага бусла – гэта добрая нагода, каб зьвярнуць увагу на ролю гатунку ў нашай прыродзе й культуры.

Арнітоляг Ірэнэвуш Калуга з Экалягічнай групы кажа, што ў Сядлецкім павеце бягучы год выключны, калі казаць пра колькасьць буслоў.

І. Калуга: У гнёздах ужо відаць птушанят. Усё сьведчыць аб тым, што сэзон будзе пасьпяховым. Большасьць гнёздаў у павеце, якія былі занятыя ў мінулым годзе, таксама занятыя ў бягучым. Мы мяркуем, што будзе каля 30 новых гнёздаў. Акрамя таго, ёсьць няпарныя птушкі, якія не прывядуць у гэтым сэзоне маладых. У нашай гміне каля 70 птушак, якія ня маюць гнёздаў. Гэты год будзе асаблівым па колькасьці птушанят.

Ірэнэвуш Калуга кажа, што значная колькасьць буслоў зьяўляецца вынікам вялікай колькасьці корму ў Афрыцы, дзе птушкі праводзяць зіму. Акрамя гэтага, на сваім шляху з выраю буслы мелі выключна добрае надворʼе.

І. Калуга: Апошнія 2-3 сэзоны таксама былі добрымі для нашых буслоў. Паводле мяне, вяртаюцца птушкі, народжаныя ў 2013 годзе, 2012 годзе. Тады на тэрыторыі павету было 1080 маладых, 1130 адпаведна. З гэтых маладых крыху вырасла. Нават беручы пад увагу тое, што ў першы год пасьля нараджэньня можа гінуць нават 70% маладых. Калі птушак шмат, то больш выжывае, і больш прылятае.

Маладыя птушкі, якія вылятаюць у вырай, назад вяртаюцца толькі праз 3-4 гады, набраўшы дастатковую колькасьць сілаў. Ёсьць частка буслоў, якія з Афрыкі не вяртаюцца ў Эўропу. Яны там жывуць і гняздуюцца.

Экалягічная група праз два тыдні распачне акальцоўваньне буслоў у Сядлецкім павеце. Удзел у акцыі прымуць шматлікія валянтэры, між іншым, вучні й дзеці зь дзіцячых садкоў з 30 пляцовак. Арнітоляг падлічвае, што разам гэта будзе амаль 2,5 тысячы чалавек. Штогод у Польшчу прылятае каля 45 тысяч бусьліных пар.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт