У больш як 40 гарадах Польшчы прайшлі акцыі-пратэсты супраць дрэннага стаўленьня да жывёл. У канкрэтна гэтых акцыях гаворка ішла пераважна пра навязваньне сабак на ланцугі, але ўвага зьвярталася таксама на іншыя праблемы. Падчас шматлікіх акцый актывісты навязваліся на ланцугі каля сабачых будак. У акцыі прымалі ўдзел вядомыя польскія акторы.
Згодна з польскім заканадаўствам, сабаку навязаць можна максымальна на 12 гадзін. Закон аб абароне жывёл прадугледжвае да трох гадоў пазбаўленьня волі за стаўленьне да жывёл з асаблівай жорсткасьцю.
«Няма нават тыдня, каб мы не былі вымушаныя ратаваць сабаку», – расказвае Багуміла Тыецэ з Таварыства апекі над жывёламі ў Кашаліне. Праблемных сытуацый больш за ўсё ў вёсках. Нярэдка здараюцца выпадкі, калі сабак забіраюць ад уладальнікаў, а справа накіроўваецца ў суд. Усё ж польскія суды вельмі часта закрываюць падобныя справы – дадае Багуміла Тыецэ.
Падчас акцыі ў Сувалках на пляцы Марыі Канапніцкай стаяла сабачая будка зь некалькімі ланцугамі, на якія кожны жадаючы мог навязацца, каб пабачыць сьвет з пэрспэктывы навязанага сабакі – кажа Анна Валіеўска з фундацыі «Нічыя жывёла».
А. Валіеўска: Мы хочам паказаць, што адчувае жывёла, якая на ланцугу праводзіць шмат гадоў. Яна ня мае прасторы, каб рухацца. Такі сабака вельмі самотны й нешчасьлівы. Вельмі часта ланцуг упіваецца ў скуру, урастае. Часта чуваць пытаньне, што можна зрабіць у такой сытуацыі. Калі мы самыя баімся паразмаўляць, то можна выклікаць муніцыпальную паліцыю альбо арганізацыю па абароне жывёл, якая мае права ўмешвацца ў такіх выпадках.
Акцыя «Сарвем ланцугі» ў Польшчы праходзіла ўжо дзясяты раз. Адна з арганізатарак, галоўны рэдактар парталу psy.pl і часопіса «Pies i kot» Магдалена Цішэўска кажа, што дзякуючы таксама й гэтым акцыям удалося памяняць у Польшчы заканадаўства аб абыходжаньні з жывёламі.
М. Цішэўска: Цяпер сабаку можна трымаць на ланцугу, якія мае прынамсі 3 мэтры даўжыні, але ня больш за 12 гадзін. Я думаю, што гэта, між іншым, нашая заслуга, заслуга многіх вядомых асоб, якія з самага пачатку ўдзельнічаюць у нашых кампаніях. У Польшчы за жорсткае абыходжаньне з жывёлай можа пагражаць нават турма. І такія справы вядуцца ў судах. Сярод намінаваных асоб на нашу ІІ прэмію «Сэрца для жывёл» быў адвакат, які займаецца менавіта такімі справамі. А атрымаў узнагароду паліцыянт, які выратаваў сабаку, якога нехта спрабаваў забіць сякерай.
Абаронцы жывёл зьвяртаюць увагу на асноўныя рэчы, патрэбныя сабаку: сталы доступ да вады, рэгулярнае харчаваньне, магчымасьць схавацца ад ветру, сьнегу, холаду, а летам ад сьпякоты й сонцы. Абаронцы правоў жывёл таксама зьвяртаюць увагу на якасьць ланцугоў. У пераважнай большасьці яны надалей зробленыя з цяжкога мэталу, які нішчыць сабаку пазваночнік, зімой прымярзаюць да шыі, а летам нагрэтыя пякуць.
ав