Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы афіцыйна 21 тысяча чалавек зь вірусам ВІЧ

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 01.12.2016 19:25
У 3,5 тысяч назіраюцца сымптомы СНІД, памерла 1300 чалавек.

Прафіляктыка зьяўляецца асноўным інструмэнтам у барацьбе са СНІДам. Гэта галоўны лёзунг Сусьветнага дня барацьбы са СНІДам, які адзначаецца 1-га сьнежня. Сымбалем зьяўляецца чырвоны банцік.

Экспэрты падкрэсьліваюць, што найбольш спраўджаным мэтадам абароны сябе ад ВІЧ-інфэкцыі зьяўляецца карыстаньне прэзэрватывам.

Хоць, згодна сусьветнай статыстыцы, каля 18 мільёнаў носьбітаў віруса атрымлівае лекі, іншыя 18 мільёнаў жывуць без адэкватнай падтрымкі, – сказаў д-р Готфрыд Хірншал з Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя.

У.Хірншал: Многія людзі – нават чатырнаццаць мільёнаў – ня ведаюць аб сваёй ВІЧ-інфэкцыі. І калі яны ня ведаюць, то і не зьвяртаюцца па дапамогу. А калі не зьвяртаюцца па дапамогу, то могуць памерці ад СНІДу.

Экспэрты зьвяртаюць увагу, што «сэксуальныя спайсы» спрыяюць распаўсюджаньню ВІЧ-інфэкцыі сярод мужчын, якія займаюцца сэксам з мужчынамі. Гэтае пытаньне абмяркоўвалі ў Варшаве польскія экспэрты на адмысловай канфэрэнцыі, прысьвечанай заражэньням гэтым вірусам.

Прафэсар Анджэй Горбань з бальніцы інфэкцыйных захворваньняў у Варшаве, кажа, што ўжо амаль не здараюцца заражэньні сярод наркаманаў, якія ўжываюць іньекцыйныя наркотыкі.

Па словах экспэртаў, на мужчын, якія маюць палавыя кантакты з мужчынамі, прыпадае 60-70 працэнтаў новых выпадкаў ВІЧ-інфэкцый у Польшчы. Толькі палова зь іх правяла тэст на ВІЧ.

Паводле дадзеных, прадстаўленых на канфэрэнцыі, у Польшчы да канца ліпеня была зарэгістраваная 21 тысяча чалавек зь вірусам ВІЧ. У 3,5 тысяч назіраюцца сымптомы СНІД. Памерла 1300 чалавек. Лечацца 10,5 тысяч асоб з гэтым захворваньнем. Аднак няма ўпэўненасьці, колькі чалавек у Польшчы заражаных і яшчэ не зарэгістраваліся.

Паводле Фонду грамадзкай адукацыі, сярод асоб ВІЧ-інфэкаваных 50-70% ня ведаюць аб заражэньні.

Тым ня менш, Польшча знаходзіцца ў ліку краін зь нізкай рызыкай ВІЧ. У Польшчы ўсяго два чалавекі з ВІЧ выпадае на 100 тысяч. жыхароў. Гэта ў чатыры разы менш, чым у сярэднім па ЭЗ. Аднак павялічваецца лік інфэкцый ва Ўсходняй Эўропе. Ёсьць падазрэньне, што ва Ўкраіне налічваецца 0,5 мільёна чалавек ВІЧ-інфэкаваных, а ў Расеі – 1,5 мільёна.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт