Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве старую электратэхніку мянялі на елкі (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 17.12.2016 14:09
  • елкі.mp3
Акцыя была вельмі папулярная, у чарзе за ялінкай трэба было чакаць нават гадзіну.
radyjo.net

У суботу ў Варшаве гарадзкія ўлады правялі традыцыйную экалягічную акцыю, у рамках якой узамен за аднаўляльныя адкіды (электра й бытавую тэхніку, паперу, шкло, плястык) можна было атрымаць сапраўдную ялінку.

Гэтай акцыяй гарадзкія ўлады, па-першае, хацелі зьвярнуць увагу на месцы, куды ў Варшаве можна прывозіць старую бытавую тэхніку і іншыя небясьпечныя адкіды (напрыклад, кантэйнеры ад паліва ці фарбаў), якія нельга выкідваць у звычайную сьметніцу. Пункты збору такіх адкідаў у Варшаве працуюць круглы год. Аднак навагоднія сьвяты традыцыйна зьяўляюцца нагодай, каб дапамагаць іншым. У сувязі з гэтым абмен аднаўляльных адкідаў быў непасрэдна зьвязаны з дабрачыннай мэтай. Аднак пра гэта крыху пазьней.

/

Згодна з правіламі акцыі, узамен за адкіды можна было атрымаць сапраўдную ялінку трох памераў: маленькую, сярэднюю й вялікую. Усё залежала ад колькасьці прынесенага сьмецьця. Напрыклад, за стары тэлевізар можна было атрымаць адну вялікую елку ці адну сярэднюю й адну маленькую. Але прыносіць можна было ня толькі старыя тэлевізары ці пыласосы, а таксама макулатуру, шкло, старыя батарэйкі ці плястыкавыя пробкі ад бутэлек.

Акцыя была настолькі папулярная сярод варшавян, што ў чарзе па ялінку трэба было чакаць нават гадзіну, а кантэйнеры для адкідаў запаўняліся вельмі хутка. Гаворыць адна з арганізатарак акцыі Анна Хмялеўская.

А. Хмялеўская: У гэтым месцы мы абменьваем сыравіну на елкі. Гэта адкіды, якія яшчэ могуць мець значэньне і могуць быць пераапрацаваныя. Гэта папера, шкло, плястык, электрасьмеце, якое пасьля трапляе на рэцыклінг. Узамен за тое, што нехта прынёс такое сьмецьце можна атрымаць цудоўныя ялінкі. Гэтая акцыя не зьяўляецца першай. Такія акцыі арганізоўваюцца штогод. Акцыі, як і сёньня, карыстаюцца вялікай папулярнасьцю. Людзей вельмі шмат. Атрыманыя сродкі будуць прызначаныя на фундацыю “Музычныя чарадзеі”.

/

Такім чынам акцыя мела дабрачынны характар. “Музычныя чарадзеі” – гэта фундацыя, якая займаецца асобамі з абмежаванымі інтэлектуальнымі магчымасьцямі. Гаворыць Іга, якая на акцыю прыехала разам з асобамі, якімі арганізацыя апякуецца.

Іга: Гэтыя сродкі будуць прызначаныя на запіс нашага новага дыску. Дыск будзе запісваць незвычайны гурт, у якім іграюць асобы з інтэлектуальным інвалідзтвам. Гэта актыўныя людзі, якія іграюць рок-н-рол на розных інструмэнтах. Цяпер мы хочам запісаць чарговы дыск. Для нас гэта вялікая падзея, якая таксама мае вымярэньне супрацы. Нам патрэбная падтрымка й мы спадзяемся, што на гэтай акцыі нам удасцца яе атрымаць.

Пра фундацыю й пляны запісу дыску прысутным вельмі аптымістычна расказваў Павал, які зьяўляецца чальцом гурту “Музычныя чарадзеі”.

Павал: Мяне завуць Павал і я іграю на барабане. Новы склад “Музычных чарадзеяў” запісвае першы дыск. Мы самыя найлепшыя й нас слухаюць. І мы хочам, каб дзякуючы дыску нас слухалі кожны дзень і ведалі, што мы найлепшыя.

Спадарыня Іга адзначыла, што папулярнасьць акцыі й колькасьць варшавян, якія прыйшлі абмяняць адкіды на ялінку, а тым самым падтрымаць фундацыю пераўзышла іх самыя аптымістычныя прагнозы.

/

Ялінкі, якія атрымлівалі прысутныя, былі пасаджаныя ў гаршчках. Арганізатары акцыі заахвочвалі, каб вясной перасадзіць атрыманую ялінку ў натуральнае асяродзьдзе. Для гэтага кожны атрымаў адмысловую інструкцыю, як правільна гэта зрабіць.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт