Logo Polskiego Radia
Print

Памерла акторка, якая здавалася вечнай

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.02.2017 15:06
Легендарная акторка тэатру і кіно Данута Шафлярска памерла ва ўзросьце 102 гадоў.
Danuta SzaflarskaDanuta SzaflarskaWikimedia Commons/Mariusz Kubik

Яшчэ да нядаўняга часу аматары кіно і тэатру ў Польшчы вельмі ганарыліся самай пажылой працуючай акторкай: Данутай Шафляскай. На жаль, у нядзелю вялікай акторкі ня стала. Яна памерла ва ўзросьце 102 гадоў.

Данута Шафлярска была легендай тэатральнага мастацтва ў Польшчы. Акторка грала ў кіно і тэатры амаль да самай сваёй сьмерці, закончыла кар’еру акторкі толькі ў лістападзе мінулага году. Яшчэ нядаўна рыхтавалася да ролі ў спэктаклі ў варшаўскім Габрэйскім тэатры. На жаль, стан здароўя не дазволіў гэтыя пляны ажыцьцявіць. За шмат дзесяткаў гадоў прафэсійнай працы яна грала ў амаль 80 фільмах і стварыла каля сотні тэатральных роляў. Данута Шафлярска прыняла ўдзел у першым польскім пасьляваенным фільме «Забароненыя песьні», і з таго часу яна пачала здабываць вялікую славу і любоў гледачоў.

Менавіта за ролю ў «Забароненых песьнях» гледачы палюбілі акторку, а крытыкі называлі Дануту Шафлярскую першай прыгажуняй пасьляваеннай кінэматаграфіі. Актор Ян Навіцкі згадвае, што акторка да канца свайго жыцьця захавала дзявочую грацыёзнасьць.

Я. Навіцкі: Я згадваю дзяўчыну, якая да канца жыцьця з грацыяй прыжмурвала вочы. У гэтых вачах была іронія, была дыстанцыя, была мудрасьць. Паляцеў анёл. Гэта была абсалютна выключная жанчына. Пражыла такое доўгае жыцьцё, больш за сто гадоў, а паміраючы, яна нічым не рызыкуе, паколькі трапіць на пэўна туды, дзе ёсьць месца для цудоўных жанчын. Абсалютна выключная акторка, яна ніколі не была стомленая, не бачыла ў сваёй працы нейкай місіі, як кожная добрая акторка мела вечныя прэтэнзіі да самой сябе. І да канца сваіх дзён захавала нейкую сьвежасьць, нейкае сьвятло ў спосабе жыцьця, паводзінаў.

Шафлярска была рэдкім чалавекам, які, нягледзячы на пажылы ўзрост, заўсёды застаецца маладым. Да канца жыцьця засталася сучаснай акторкай. Яе ролі былі поўныя пачуцьцяў, тэмпэрамэнту, і нармальнасьці. У дзяцінстве, праўда, марыла, каб стаць лекарам, але фінансавая сытуацыя сям’і, сьмерць бацькі не далі ёй магчымасьці рэалізаваць мары. Дзяржаўны інстытут кінамастацтва закончыла яшчэ перад вайной, грала ў віленскім тэатры, пазьней жыла ў Варшаве, падчас варшаўскага паўстаньня была сувязной. Казала, што гэтыя два месяцы была жахлівым пэрыядам у яе жыцьці, цяжка нават уявіць, як некаторым паўстанцам удалося выжыць. Але нават тады не забывала пра культуру. Напрыклад, яе муж пад абстрэлам граў Шапэна на фартэпіяна.

Пасьля вайны лёс кінуў яе ў Кракаў, там яе прынялі на працу ў тэатар. І менавіта ў Кракаве шукалі актора на ролю ў фільме «Забароненыя песьні». Актора не знайшлі, але заўважылі яе, Дануту. Так пачалася кар’ера ня толькі ў тэатры, але таксама ў кіно. Аднак тэатар застаўся галоўным месцам яе працы. Акрамя акторства, яна цікавілася самымі рознымі рэчамі: высакагорным турызмам, аўтамабільным спортам, яхтамі, падарожжамі. Дарэчы, падарожжы былі яе вялізным хобі. У адным з апошніх інтэрвію сказала: «Я здаўна мару пра падарожжа ў Афрыку. Але пакідаю яго сабе на наступнае жыцьцё». Адзін гэты сказ сьведчыць пра вялізнае пачуцьцё гумару акторкі, у тым ліку на тэму ўласнай асобы. Такое пачуцьцё гумару ўсё цяжэй сустрэць у сучасным сьвеце, асабліва сярод славутых асоб. І такім чалавекам – вечна маладым і вясёлым – запомняць яе калегі, напрыклад, актор Ян Энглерт.

Я. Энглерт: Данута Шафлярска не ўпісваецца ў ніводзін стэрэатыпны вобраз, які датычыць акторства, творчасьці, асабовасьці. Яна была чалавекам, які распаўсюджвае вакол сябе незвычайную аўрэолю пазытыўнага позірку на сьвет. У сёньняшнім сьвеце гэта ўнікальная рыса. І ў гэтым была яе сіла, у тым ліку фізычная. Яна заўсёды бачыла сьвет толькі ў колерах аптымізму. У гэтым заключалася яе моц.

Данута Шафлярска да канца жыцьця захавала гумар, сьвежасьць позірку і маладосьць у душы. Яна вельмі любіла працаваць з маладымі людзьмі, у тым ліку з маладымі рэжысёрамі. А публіка яе абажала, як на пачатку акторскай кар’еры, так і пад канец жыцьця. Людзі ў Польшчы запомняць акторку заўсёды з чароўнай усьмешкай, якая любіла расказваць анэкдоты, у тым ліку пра сябе і сваё жыцьцё.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт