Logo Polskiego Radia
Print

Нават кожны трэці жыхар Польшчы пакутуе ад алергіі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.02.2017 15:17
  • алергія.mp3
Першая хваля назіраецца ў дзяцінстве, а другая хваля – пасьля 40-га году жыцьця.
photo: www.pixabay.com

Канец зімы ў календары, і здаецца, заканчваецца таксама халодная пара году ў надвор’і. Усюды тэмпэратура паднялася ўжо вышэй за нуль градусаў. Як правіла людзі цешацца цёплу і сонцу, але ёсьць катэгорыя пацыентаў, якім сонечныя дні не заўсёды бываюць у радасьць.

Гаворка ідзе, канешне, пра людзей, у якіх назіраюцца алергіі на пыльцу дрэваў. Як-раз цяпер, калі рэзка стала цёпла, пачынаецца актыўны сэзон пыленьня расьлін. Многія людзі думаюць, што алергія можа разьвіцца толькі ў дзяцінстве, што нельга яе атрымаць у дарослым жыцьці. Гэта няпраўда, алергія можа паявіцца на кожным этапе нашага жыцьця, – адзначае лекар-тэрапэўт Міхал Суткоўскі.

М. Суткоўскі: На жаль, алергія можа паявіцца ў кожным узросьце, таксама ў старасьці. Першая хваля, зразумела, назіраецца ў дзяцінстве, калі хварэе шмат дзяцей, а другая хваля – пасьля 40-га году жыцьця. І гэтая алергія як правіла больш сур’ёзная, чым дзіцячая, яна працягваецца да канца жыцьця. А зь дзіцячай алергіі дзеці часта «вырастаюць», але гэта магчыма толькі тады, калі алергію лечаць. Як правіла бацькі лечаць алергію ў дзяцей, часта пацыенты праходзяць цыкл дэсэнсібілізацыі (зьмяншэньня ўражлівасьці на алергены).

У Польшчы практычна кожны трэці жыхар пакутуе ад нейкай разнавіднасьці алергіі. Асабліва шмат дзяцей, уражлівых на нейкія алергены. У Варшаве ёсьць нават дзіцячы садок, які на першым месцы ставіць барацьбу з пылам і прымае дзяцей нават з цяжкімі відамі алергіі. У такім месцы асабліва важна, каб было мала хатніх кляшчэй, таму там часта чуваць гук працуючага пыласосу, – гаворыць дырэктар дзетсада «Alergusie» Данута Казімерска.

Д. Казімерска: Пыласос у нас працуе практычна штодзённа, каб на падлозе было як мага менш пылу і кляшчэй. Рашучая большасьць нашых дзяцей мае алергію, як правіла харчовую, але таксама дыхальных шляхоў і скураную. Нам прыходзіцца вельмі старанна трымацца дыеты ды абмяжоўваць колькасьць алергенаў. Кожны год паяўляюцца новыя алергіі, усё больш вельмі складаных выпадкаў. Бываюць дзеці, якім мы рыхтуем харчаваньне толькі з двух-трох прадуктаў. Вельмі важнае супрацоўніцтва з бацькамі, каб належным чынам апекавацца дзецьмі, ахоўваць іх здароўе, а часам нават жыцьцё, паколькі некаторым дзецям пагражае анафіляктычны шок.

Доктар Міхал Суткоўскі пацьвярджае, што лекары павінны быць гатовыя да кантакту з дзецьмі і дарослымі, якія адказваюць неадэкватнай рэакцыяй на нейкія алергены, паколькі колькасьць алергіі з кожным годам павялічваецца.

М. Суткоўскі: 50 гадоў таму гэтых алергіяў было ў грамадзтве 2-4 адсоткі. Сёньня гэта ўжо 30%, а можа і больш, паколькі частка хворых не дыягназуецца. Напрыклад, алергічны насмарк датычыць нават 11 мільёнаў палякаў, у 2 мільёнаў алергічная астма. Некалькі мільёнаў чалавек пакутуе ад харчовай алергіі. Так што нават палова з нас, дарослых палякаў, пакутуе ад алергіі.

Якім чынам даведацца, ці сымптомы, якія паяўляюцца ў дадзенай асобы, гэта сапраўды алергія, ці не? Сучасная мэдыцына мае шырокі спэктар дыягнастычных мэтадаў, а адным з найлепшых і самых простых зьяўляюцца скураныя тэсты.

М. Суткоўскі: Скура – гэта месца, якое адлюстроўвае тое, што адбываецца ў нашых дыхальных шляхах і стрававальнай сыстэме. Дзякуючы скураным тэстам можна хутка і простым чынам даведацца, на якія алергены, харчовыя прадукты або, напрыклад, пыльцу дрэваў, наш арганізм адказвае неадэкватнай рэакцыяй.

Многія алергіі перадаюцца ад бацькоў дзецям. І таму, калі ў бацькоў назіраецца алергічная рэакцыя, то верагоднасьць разьвіцьця падобнай рэакцыі ў дзяцей расьце. Тым ня менш, алергія можа паявіцца і тады, калі ніхто з продкаў не хварэў.

М. Суткоўскі: Схільнасьць да алергія зьвязаная з генэтыкай. Бываюць цэлыя сем’і, усе чальцы якіх пакутуюць ад розных відаў алергіі. Але, з іншага боку, хтосьці павінен быць першы. У выніку разьвіцьця цывілізацыі, хімізацыі асяродзьдзя і забруджанасьці вады, паветра, гэтай алергіі ўсё больш. І таму чалавек, у сям’і якога ніколі не было алергіі, таксама можа мець алергію.

Сярод мэтадаў прафіляктыкі алергіі лекары называюць ужо сам пачатак жыцьця, калі бацькі выбіраюць спосаб кармленьня немаўляці. Навуковыя дасьледаваньні паказалі, што дзеці, якіх мамы доўга кармілі грудзьдзю, радзей хварэюць алергіяй. І дактары таксама раяць не баяцца лякарстваў, калі камусьці пастаўлены дыягназ «алергія». Сучасныя лекі на многа больш бясьпечныя і эфэктыўныя, чым колішнія мэдыкамэнты.

I Pr. PR/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт