Logo Polskiego Radia
Print

Клубніцы - крыніца шматлікіх вітамін

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 26.05.2017 10:45
  • Сэзон на клубніцы.mp3
Гэтая малая, папулярная ягада ня толькі мае дасканалы смак, але таксама зьяўляецца вельмі карыснай для здароўя.
www.pixabay.com

Распачаўся сэзон на клубніцы. Гэтая малая, папулярная ягада ня толькі мае дасканалы смак, але таксама зьяўляецца вельмі карыснай для здароўя. Наш арганізм напэўна будзе вельмі ўдзячны за клубніцы.

Дыетоляг Малгажата Ружаньска раскажа, ці варта есьць клубніцы? Ці яны ўтрымліваюць пажыўныя рэчывы?

М. Ружаньска: Яны ўтрымліваюць мноства такіх рэчываў, найперш вітамін і мінэралаў. Сярод вітамін асаблівую ўвагу заслугоўвае вітамін С, якога ў клубніцах нават больш чым у цытрусах, напрыклад, цытрыне. Ажно 66 мграм у 100 грамах прадукту. Калі чалавек зьесьць 100-200 грам клубніц, то запэўніць дзённую норму вітаміна С. Акрамя гэтага клубніцы маюць вітаміны з групы В – В1 і В2. Вітамін В1 – гэта вітамін настрою, уплывае на працу нашай нэрвовай сыстэмы. У сваю чаргу вітамін В2 уплывае на нашу прыгажосьць. Ён адказвае за стан нашай скуры, валасоў і пазногцяў. Таму невыпадковым зьяўляецца тое, што пасьля спажыцьця клубніц паляпшаецца настрой. На гэта таксама ўплываюць асаблівасьці смаку. Акрамя гэтага ў клубніцах утрымліваецца вітамін А, які карысна для нашых вачэй, а таксама ўплывае на вільготнасьць нашай скуры.

Больш таго, клубніцы маюць моцны супрацьракавы характар, паколькі ўтрымліваюць элагавую кіслату, якая мае менавіта супрацьзапальны й антыракавы характар.

Вядома, што ёсьць розныя гатункі клубніц. Ці менавіта ад гатунку залежыць колькасьць вітамін і мінэралаў? Ці ёсьць нейкая розьніца?

М. Ружаньска: Адрозьніваюцца, але нязначна. Найбольш вітамін і мінэралаў маюць ягады, вырашчаныя ва ўмеранна-халодным клімаце, чым клубніцы, вырашчаныя ў цёплых умовах.

Такім чынам атрымліваецца, што польскія ці беларускія клубніцы больш карысныя й смачнейшыя чым імпартаваныя, напрыклад, зь Гішпаніі.

Вядома, што меншыя клубніцы й больш чырвоныя, а значыць саладзейшыя ўтрымліваюць большую колькасьць эфірных алеяў. Ня трэба забываць, што клубніцы ўтрымліваюць мала калёрый. Гэта азначае, што іх спажываньне не паўплывае на фігуру. Дзякуючы вялікай колькасьці мінэральных соляў яны паляпшаюць абмен рэчываў.

Даказана, што спажываньне клубніц паніжае ўзровень глюкозы ў арганізьме. Так адбываецца паколькі яны запавольваюць працэс пераварваньня вуглевадародаў.
Нельга забыцца й пра хатнія маскі з клубніц. Напрыклад, з дадаткам алівы яны асьветляць нашу скуру.

Нядаўна былі апублікаваныя вынікі дасьледаваньняў навукоўцаў з ЗША й Вялікабрытаніі. Артыкул на гэтую тэму апублікаваў часопіс «Circulation». Дасьледаваньні праводзіліся на больш як 93 тысяч жанчын ва ўзросьце 25-42 гады.
Як высьветлілі навукоўцы, жанчыны, якія елі шмат клубніц і чарніц на 32% менш падвяргаліся рызыцы інфаркту ў параўнаньні з жанчынамі, якія елі клубніцы й чарніцы раз у месяц ці радзей, нават калі іх мэню было багатым у іншую садавіну й агародніну.

«Нам удалося высьветліць, што спажываньне большай колькасьці гэтай ягады ў маладзейшым узросьце можа ў будучыні зьменшыць рызыку інфаркту», – камэнтуе адзін з аўтараў дасьледаваньня.

Амэрыканскае кардыялягічнае таварыства намаўляе ўключыць у мэню клубніцы й чарніцы. У мэню таксама павінны апынуцца іншыя садавіна й агародніна, а таксама прадукты з суцэльнага збожжа.

Мінусам клубніц зьяўляецца тое, што яны вельмі хутка псуюцца. Гэта азначае, што іх трэба есьці сьвежа сабранымі. А калі мы хочам адкласьці гэтую прыемнасьць на потым, то трэба захоўваць іх у лядоўні й мыць толькі перад ежай. Гэта асноўная памылка, якую мы робім. Клубніцы вельмі лёгка ўпітваюць ваду, таму калі іх памыць раней, то яны хутчэй папсуюцца. Акрамя гэтага падчас захоўваньня яны губляюць свае пажыўныя рэчывы. Максымальны час, які клубніцы могуць ляжаць у лядоўні – два дні.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт