Logo Polskiego Radia
Print

У лясных садках дзеці пастаянна знаходзяцца на вуліцы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 25.11.2017 14:50
Бацькі баяцца, што іх дзеці будуць часта хварэць, але яны хварэюць менш.
Pixabay.com/Free-Photos/CC0 Creative Commons

Выданьне «Newsweek Polska» піша пра лясныя дзетсадзікі. Лясныя ў даслоўным сэнсе. Мода на такія дашкольныя ўстановы прыйшла ў Польшчу са Скандынавіі. Першыя лясныя дзетсады паявіліся там 60 гадоў таму. У такіх установаў зусім няма будынку, толькі нейкая хатка або невялікі аўтамабіль, каб выхаванкі маглі схавацца ад выключна моцнага ветру або дажджу са сьнегам. У іншы час дзеці пастаянна прабываюць на сьвежым паветры.

Заснавальнікі лясных дзетсадах лічаць, што няма дрэннага надвор’я, ёсьць толькі дрэнная вопратка. Гэтыя пляцоўкі нарадзіліся ў выніку сумаваньня людзей па жывой прыродзе, перакананьня, што кантакт з ёй дае чалавеку шчасьце.

Часта бацькі баяцца, што іх дзеці будуць часта хварэць. Але выхаванкі на сьвежым паветры загартоўваюцца і парадаксальна хварэюць менш, чым тыя, каго апранаюць цёпла і не выпускаюць на вуліцу. Адна з мамаў кажа, што ёсьць толькі адзін мінус такой пляцоўкі: у выходныя дзіця хоча выходзіць на вуліцу нават тады, калі холадна ды ідзе дождж. А бацькам не заўсёды хочацца ісьці на прагулку.

У лясных дзетсадах амаль няма цацак. Дзеці самі прыдумваюць сабе гульні тым, што могуць знайсьці ў лесе або гуляюць паміж сабою. Сярод таго, што можа стаць цацкаю, самыя простыя матэрыялы: лісьце, камяні, галінкі дрэў, гразь. Дзеці зьвяртаюцца да выхавацелькі на «ты», каб зьменшыць дыстанцыю і аблегчыць гутарку.

Бацькі часамі баяцца, ці ў такім лясным садку дзіця ня вырасьце дзікуном. Гэта ня так. Дзеці раз у месяц езьдзяць у горад, падарожнічаюць грамадзкім транспартам, вучацца паводзіць сябе ў тэатры, музэі, рэстаране. Адзін з бацькоў кажа, што яго трохгадовая дачка навучылася ўжо распальваць агонь крэсівам і ўмее назваць дзесяць відаў дрэваў. Іншы кажа, што трохгадовыя дзеці назьбіралі крапівы, салодкіх кветак і зрабілі для бацькоў кампот.

Падчас гульні ў лесе дзеці вучацца таксама лічыць, пішуць галінкамі па зямлі, майструюць піламі, малаткамі, шчыпцамі. Канешне, здараюцца набітыя шышкі ды іншыя дробныя выпадкі, але як правіла ў бацьках больш страху, чым у дзецях.

Newsweek Polska/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт