Навагоднія густы вельмі розныя. Адны аддаюць перавагу штучным елкам, іншыя натуральным. Мы сёньня ня будзем спрачацца аб густах ці тым, якая ялінка больш практычная. Паглядзім на справу з экалягічнага пункту гледжаньня.
Эколягі й лесьнікі згодныя – экалягічнай зьяўляецца сапраўдная елка. Чаму?
Тлумачыць Анна Маліноўска з Генэральнага ўпраўленьня дзяржаўных лясоў Польшчы.
А. Маліноўска: Толькі жывая елка зьяўляецца сапраўды экалягічнай. Напэўна ня трэба баяцца таго, што, купляючы жывую елку, мы зьнішчаем лес, паколькі гэта няпраўда. Большасьць дрэўцаў паходзіць з прыватных плянтацый. Некаторыя маюць кавалак поля, садзяць на ім дрэўцы, вырубаюць, потым зноў садзяць. Дзяржаўныя лясы ў Польшчы прадаюць ня шмат елак, калі параўнаць іх з запатрабаваньнем. Мы прадаём каля 100 тысяч дрэўцаў. Гэтыя ялінкі паходзяць пераважна з гэтак званых санітарных вырубак. Лясьнік пэрыядычна вымушаны праводзіць гаспадарчыя працы. І ня толькі ў сьвяточны пэрыяд. Некаторыя дрэвы трэба вырубаць, каб іншыя мелі доступ да сьвятла. Таму не ў кожным лясьніцтве штогод прадаюцца елкі. Бо часамі іх няма. А калі ёсьць, то яны значна таньнейшыя, чым у прыватных гандляроў.
Яшчэ цалкам нядаўна штучная елка лічылася больш экалягічнай. Прычынай было найперш імкненьне не падвяргаць лясы празьмернай эксплёатацыі. Не было таксама адмысловых плянтацый, дзе вырошчваліся елкі адмыслова на продаж. Аднак штучная елка перастае быць экалягічнай яшчэ ў моманце вытворчасьці, паколькі дзеля гэтага выкарыстоўваецца неаднаўляльная сыравіна, напрыклад, газ ці нафта. У выніку іх здабычы, перапрацоўкі й працэсу выпуску самой штучнай елкі выкарыстоўваецца шмат энэргіі, што павялічвае колькасьць выкідаў СО2 у атмасфэру.
Штучнае дрэўца можа ўпрыгожваць нашы дамы некалькі гадоў, але прыйдзе момант, калі й яго трэба будзе выкінуць. Паколькі такое дрэўца складваецца зь некалькіх сыравін, то іх разьдзяленьне й паўторнае выкарыстаньне амаль немагчымае. Расклад штучнай сыравіны трывае вельмі доўга, часамі нават 1000 гадоў, а іх спальваньне прычыняецца да выкіду ў паветра атрутных дыяксінаў.
Штучныя елкі, якія ляжаць на сьмецьцезвалках, атручваюць глебу, грунтовыя воды й паветра. У сувязі з гэтым штучныя елкі пакідаюць значна большы экалягічны сьлед чым сапраўдныя.
А. Маліноўска: Сапраўдная ялінка разложыцца. Калі нехта мае катлы ці каміны, то такое дрэўца можна спаліць. У гарадах часта арганізоўваюцца акцыі збору ялінак. Напрыклад, у Варшаве ялінкі зьбірае заапарк, часта гэта робяць электрастанцыі. Калі ёсьць такая магчымасьць, то варта яе выкарыстаць. Ялінку можа таксама ўкідваць у кампост. Кампост з навагодняй ялінкі цудоўна падыдзе для расьлін, якія любяць кіслую глебу.
Некаторыя маюць яшчэ больш экалягічныя прапановы. Так, у Варшаве і некаторых іншых гарадах працуе пракат елак. Такія фірмы ўжо працуюць у Вялікабрытаніі, ЗША й Канадзе.
У варшаўскім пракаце можна ўзяць на пракат дрэўца ў гаршчку. Яго можна нават замовіць па інтэрнэце, тэлефоне ці на месцы пракату. Елку можна забраць асабіста ці замовіць з дастаўкаю да дому.
Як запэўніваюць заснавальнікі пракату, кошт такой паслугі ня будзе вышэйшы, чым пакупка елкі. Цэны вагаюцца ад 36 злотых (найменшая піхта) да 235 злотых (елка вышынёй больш за два мэтры). Пасьля 6 студзеня прадстаўнікі фірмы забяруць елку назад.
ав