Logo Polskiego Radia
Print

Што не дарыць на Каляды?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 24.12.2017 12:54
  • Што не дарыць.mp3
Сьвяты, асабліва Каляды ды Новы год – гэта час падарункаў.
Foto: pixabay.com/CC0

Многія пры выбары падарункаў кіруюцца прыцягальнай упакоўкай ды нізкай цаной. Гэта не заўсёды найлепшыя дарадчыкі, пераконваюць адмыслоўцы.

Кожны год у час калядных сьвятаў нас з усіх бакоў атакуюць сьвяточныя зьніжкі, прамацыйныя кампаніі, агрэсіўная рэкляма. Часта людзі выбіраюць прыгожа запакаваныя прадукты, да якіх часта далучаюць цэлую сэрыю розных тавараў. Напрыклад, розныя сьвяточныя наборы, дзе сабраная розная касмэтыка, дробныя гаджэты ды шмат іншага. Усё прыгожа запакаванае, у разьліку на тое, што кліент набудзе пад уплывам імпульсу, хвіліны, патрэбы хуткага набыцьця падарунка. Найбольш актуальна гэта робіцца ў сьнежні, кажа журналістка Марта Гопэр.

Марта Гопэр: Звычайна купляць калядныя падарункі трэба ўжо ў лістападзе. Тады ёсьць час усё спакойна абдумаць, выбраць. Так робяць больш арганізаваныя асобы. Горш з тымі, хто набывае сьвяточныя прэзэнты ў сьнежні, калі застаецца да сьвятаў пару тыдняў. Тады мы спрабуем набыць так званыя «хуткія прэзэнты», або падарункі «апошняй хвіліны». Не выпадае прыйсьці да блізкай асобы без падарунка, асабліва калі гэта падарунак пад ялінку. Што тады рабіць? Людзі часта тады спрабуюць купляць касмэтыку. Некаторыя лічаць, што гэта проста, бо касмэтыку ўсе любяць ды карыстаюцца.

Ці так ёсьць сапраўды? У польскіх спажыўцоў пра гэта запыталіся журналісты Польскага радыё. Адны лічаць, што гэта файны падарунак.

Мінак: Мне здаецца, што гэта прыемны падарунак, хуткі й ды практычны.

Мінак: Я вельмі люблю, калі мне дораць падарункі, асабліва парфумы ды ўсё, што прыемна пахне. Аднак пры адной умове, такі падарунак павінен адпавядаць майму густу.

Іншыя – наадварот, што гэта вельмі рызыкоўны прэзэнт, якім могуць карыстацца толькі з ветлівасьці.

Міначка: Касмэтыка – гэта вельмі рызыкоўны падарунак. Я думаю, што на сьвяты лепшы падараваць нешта іншае, нават менш каштоўнае. Напрыклад, кожны год я атрымоўваю ад маёй цёці на сьвяты туалетную ваду. Вельмі дарагую добрых марак. Але я не карыстаюся ёй, бо яна мне не падабаецца. Толькі калі мая цёця да мяне прыяжджае, я тады бяру, каб яе не пакрыўдзіць.

Гэта рызыка, за якой ня варта ісьці. Асабліва пры выбары касмэтычных прадуктаў, распавяла Польскаму Радыё экспэртка-касмэтоляг Агнешка Зеліньска.

Агнешка Зеліньска: Як заўсёды да ўсяго трэба падыходзіць рацыянальна. Усе залежыць ад таго, каму купляем падарунак і якое прызначэньне абранай касмэтыкі. Сапраўды на сьвяты гандаль нас папросту засыпае сьвяточнымі наборамі. Тэарэтычна, там павінны быць добрыя рэчы па добрай цане, плюс бясплатныя дадаткі. Усё прыгожа запакаванае. Аднак часта гэта не вельмі патрэбныя рэчы. Часта гэтыя рэчы не дабраныя і не пасуюць адна да другой. Я б не раіла моцна цікавіцца такімі наборамі.

Падарунак павінен быць дапасаваны да адрасата канкрэтнага. Таму пры выбары прэзэнтаў экспэрты раяць не сьпяшацца.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт