Logo Polskiego Radia
Print

Польскія навукоўцы даcьледуюць выпраменьваньне тэлефонаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 25.01.2018 17:50
Ці яно шкоднае, ці не – гэтае пытаньне застаецца адкрытым.
pixabay.com/Public Domain CC0

Дасьледаваньні ў гэтай галіне праводзяцца даўно, і хоць да гэтага часу не пацьверджаная небясьпека радыёхваляў, то вывучэньне гэтага пытаньня працягваецца.

Польскі дасьледчык, кандыдат тэхнічных навук Славамір Гаўсман з Лодзінскага палітэхнічнага ўнівэрсытэту ў інтэрвію Польскаму агенцтву друку сказаў, што складана ацаніць узьдзеяньня радыёхваль на арганізм чалавека, асабліва на такім невялікім узроўні, як выпраменьцваньне мабільнага тэлефону. Тым больш, што цяжка знайсьці фокусную групу, паколькі сёньня амаль усе выкарыстоўваюць мабільныя тэлефоны або знаходзяцца пад узьдзеяньнем радыёхваль.

Вучоныя вызначылі, што тканкі арганізму чалавека пад уплывам радыёхваляў могуць награвацца. Тэмпэратура цела каля сотавага тэлефону пасьля працяглага карыстаньня можа падняцца на 0,1 градуса Цэльсія. Пры гэтым чалавек не адчувае такой зьмены.

Мабільныя тэлефоны звычайна трымаем блізка каля галавы, таму часта зьяўляецца пытаньне, ці прылады могуць выклікаць рак мозгу.

Досьледы ў гэтым напрамку праводзіла Міжнароднае агенцтва дасьледаваньня анкалягічных захворваньняў Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ). У выніку быў выдадзены вэрдыкт, што няма непасрэднай сувязі паміж карыстаньнем сотавым тэлефонам і гліёмай.

Тым ня менш, польскі экспэрт Славамір Гаўсман рэкамэндуе разумна карыстацца тэлефонам і не гаварыць па ім без неабходнасьці. Да таго ж варта выкарыстоўваць гучную сувязь, што значна зьнізіць выпраменьваньне, якое паглынае цела, – падкрэсьліў Гаўсман.

За тое польскі экспэрт адзначыў, што могуць спраўдзіцца апасеньні наконт узьдзеяньня мабільных тэлефонаў на дзяцей. «Цела дзіцяці іншае чым дарослага. У прыватнасьці, касьцяная тканка ўтрымлівае больш вадкасьці, а чэрап дзіцяці больш далікатны. Таму ў выпадку дзяцей я рэкамэндую, каб яны размаўлялі па мабільным тэлефоне як мага менш», – параіў Гаўсман.

Польскія спэцыялісты пры гэтым падкрэсьліваюць, што дапушчальныя нормы выпраменьваньня электрамагнітнага поля ў Польшчы ў некалькі разоў меншыя, чым у бальшыні дзяржаваў, у тым ліку й заходніх.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт