Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.02.2018 16:53
  • Nie czekaj Wrońska.mp3
Барбара Вроньска просіць не чакаць, адважыцца рабіць нешта новае.
www.pixabay.com

Даволі часта здараецца, што музыкант доўгі час выступае на сцэне разам з іншымі выканаўцамі, у рамках калектыву. А празь нейкі час, калі ён ужо стане адчуваць сябе ўпэўнена ў шоў-бізнэсе, дасьпее да ўласнага музычнага амплюа, то адмаўляецца ад супрацы і выдае сольную кружэлку.

Так менавіта здарылася з нашай сёньняшняй вакалісткай Барбарай Вроньскай, музыканткай, аўтаркай тэкстаў песень, кампазытаркай, якая да нядаўняга часу была зьвязаная з гуртамі «Pustki» і «Ballady i romanse». А зусім нядаўна выйшаў яе ўласны сольны кампакт-дыск пад назваю «Dom z ognia».

Тэксты амаль усіх кампазыцый на гэтай кружэлцы напісала сама Барбара, акрамя адной, якая самая аптымістычная. Вакалістка кажа, што ў яе неяк не атрымліваецца пісаць радасныя песьні, хаця ня раз спрабавала гэта рабіць, але заўсёды выходзіць нешта банальнае і нецікавае. Хаця, на маю думку, песьню «Не чакай», якую я вам сёньня прапаную, таксама можна ўспрымаць такім чынам – не чакай, рабі нешта добрае, новае, упусьці радасьць у сваё жыцьцё. Але ўсё залежыць ад інтэрпрэтацыі. Некаторыя людзі мяркуюць, што словы кампазыцыі заахвочваюць да самагубства – маўляў, не чакай ужо, скоч праз акно. Ня думаю, каб з такім намерам пісала яе аўтарка. Яна сама кажа, што цяпер у яе жыцьці вельмі добры, аптымістычны пэрыяд, і абсалютна нікога яна б не падгаворвала накласьці на сябе рукі. Працытую яе словы «Гэты твор дапамог мне зварухнуцца зь месца, дзе я тырчала з пачуцьцём глыбокага бясьсільля. Гэта мой кліч быць адважным, хай і вам ён дазволіць набраць ветру ў ветразь, настроіць пазытыўна і дапаможа ўбачыць сонца праз хмары».

Dokąd lecieć chcesz?
Skoro już dobrze wiesz,
że za oknem czeka Cię
dużo głębszy sens niż ten.

Zatrzymuje lęk.
Skrzydła pęknięty brzeg.
Nęci dystans wysokich chmur.
Nadziei flara na szkle.

Zatrzymuje lęk.
Skrzydła pęknięty brzeg.
Nęci dystans wysokich chmur.
Ciepła promień tuż, tuż...

Teraz jest najlepszy czas
żeby w skrzydła puścić wiatr
Nie czekaj! Nie czekaj!
Nie czekaj! Nie czekaj!

Teraz jest najlepszy czas
odczarować wróżby z kart.
Do krawędzi tylko krok.
Skoczysz teraz?
Skoczysz teraz czy nie?

Tu najgorszy kąt
bliski jest jak dom,
nawet koszmar codziennych chwil,
pięknem uderza cię w dno

Czego boisz się?
Mróz puścił Twój oddech!
Od krawędzi dzieli Cię krok,
skoczysz teraz czy nie?

Куды ляцець хочаш? Калі ўжо ведаеш, што за акном чакае цябе на многа больш глыбокі сэнс, чым гэты. Затрымлівае страх. Крыла трэснуты край. Прыцягвае дыстанцыя высокіх хмараў. Надзеі фальшфэер на шкле. Цяпла прамень блізенька...

Цяпер найлепшы час, каб у крылы запусьціць вецер. Не чакай! Не чакай!.. Цяпер найлепшы час, каб адурочыць картачную варажбу. Да краю толькі адзін крок. Скочыш цяпер? Скочыш цяпер ці не?

Тут найгоршы куток, блізкі як дом. Нават кашмар штодзённых хвілін прыгажосьцю б’е цябе ў дно. Чаго ты баісься? Мароз адпусьціў тваё дыханьне. Ад краю толькі крок. Скочыш цяпер ці не?

У гэтай песьні, яе гучаньні адчуваецца сум па старой добрай музыцы 60-ых гадоў, калі ў песьнях была мэлядычнасьць. Мала хто з сучасных польскіх выканаўцаў сьпявае такім чынам. Таму гэтая кампазыцыя – нешта новае, сьвежае, адкрыцьцё для многіх, асабліва прадстаўнікоў маладога пакаленьня. Але, як кажуць, новае – гэта добра забытае старое.

Dokąd lecieć chcesz – куды ты хочаш ляцець. Выраз dokąd паказвае напрамак – па-беларуску куды. Аднак на польскай мове вельмі часта гаворыцца замест dakąd gdzie, што ў першасным значэньні азначала дзе, але цяпер, асабліва ў гутарковай мове, атрымала другое значэньне – таксама куды.

Gdzie chcesz iść – do kina czy na basen – куды хочаш ісьці – у кіно ці ў басэйн, хаця больш правільна будзе: Dokąd chcesz iśc – do kina czy na basen.

Skoro już wiesz – калі ты ўжо ведаеш. Слова skoro азначае «калі ўжо», а вось расейскае скoро – гэта па-польску wkrótce, niebawem, niedługo.

Lęk – гэта страх, боязь, але крыху меншая, чым сур’ёзны страх, такі маленькі, які можна пераадолець.

Skoczysz teraz czy nie – скочыш цяпер ці не? На польскай мове існуе вельмі распаўсюджаны фразэалягізм «Skoczyć na głęboką wodę», што азначае «скочыць на глыбіню, у глыбокую ваду». Пераноснае значэньне – рашуча за нешта ўзяцца, не баючыся наступстваў, нават калі не да канца падрыхтаваны да такога кроку.

Odczarować wróżby z kart – адурочыць картачную варажбу. Па-польску ёсьць слова urok, гэта назоўнік. А вось на беларускай мове ў падобным значэньні ёсьць дзеяслоў – людзі, асабліва старэйшага пакаленьня, кажуць, што можна кагосьці «сурочыць, урачы» (па-польску rzucić urok). Слова urok можа мець таксама пазытыўнае значэньне – гэта абаяльнасьць, чароўнасьць. А вось беларускі ўрок – гэта польская lekcja. А лекцыя – гэта wykład.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт