Logo Polskiego Radia
Print

"Палякі павінны ганарыцца сваёй гарэлкай"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.05.2018 13:42
Упершыню гарэлку пачалі вырабляць менавіта ў Польшчы, а не ў Расеі.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

«Rzeczpospolita» друкуе інтэрвію са старшынём Асацыяцыі «Польская гарэлка» і віцэ-дырэктарам кампаніі «Wyborowa» Анджэем Шумоўскім. Гаворка ідзе пра гарэлку. На думку Шумоўскага, дзяржава павінна займацца падтрымкай гэтага алькагольнага напою, паколькі Польшча зьяўляецца айчынай гарэлкі. Палякі павінны ёй ганарыцца і клапаціцца пра яе імідж на сьвеце.

Ёсьць акрэсьленыя патрабаваньні да польскай гарэлкі, якія выконвае толькі каля 5% усіх гарэлачных напояў у краіне. Польская гарэлка павінна быць вырабленая ў Польшчы, з польскай бульбы або збожжа.

Канешне, можна гнаць гарэлку з кукурузы або патакі, што выходзіць таньней, але такі напой не адказвае высокім стандартам, яго смак будзе горшы. Калі кліент бачыць на этыкетцы «Польская гарэлка», то ён можа мець упэўненасьць, што гэта не звычайны алькаголь, а нешта ўнікальнае.

Асацыяцыя падрыхтавала Музэй польскай гарэлкі, у чэрвені аб’ект прыме першых наведвальнікаў. У музэі госьці даведаюцца, што ўпершыню гарэлку пачалі вырабляць менавіта ў Польшчы, а не ў Расеі. Будзе прадстаўленая гісторыя напою, тэхналягічны працэс: як і з чаго вырабляецца польская гарэлка.

Палякі павінны перастаць саромецца сваіх традыцыйных алькаголю і кухні, – кажа Анджэй Шумоўскі ў выданьні «Rzeczpospolita».

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт